Белорусский портал в Казахстане

Касмічная галіна ў Беларусі ўпэўнена развіваецца



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 верасня на цырымоніі адкрыцця XXXI Міжнароднага кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў.


"Касмічная галіна нашай краіны ўпэўнена развіваецца. Мы паспяхова выпускаем аптычныя сістэмы высокага распазнавання для спадарожнікаў, касмічныя люстэркі, апаратуру для дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.



Сумесна з расійскімі калегамі беларускія спецыялісты распрацоўваюць перспектыўныя тэхналогіі, прымаюць удзел у праекце стварэння новага касмічнага апарата. Плануюць супрацоўніцтва па міжнароднай праграме "Сірыус".

"Беларусь з`яўляецца паўнапраўным актыўным удзельнікам Камітэта ААН па выкарыстанні незямной прасторы ў мірных мэтах. Калі б не было іх, нашых касманаўтаў, наўрад ці б у Беларусі ўзяліся за гэту тэму. Але нам ужо было сорамна пасля распаду Савецкага Саюза не прадоўжыць касмічную тэму ў Беларусі, наколькі гэта магчыма. І сёння мы не шкадуем. Шмат было супраціўленняў, размоў, гэта была новая тэма для Беларусі. Але тым не менш мною былі прыняты рашэнні, перш за ўсё таму, што гэта самыя новыя тэхналогіі, якія пацягнулі за сабой цэлы сектар эканомікі. Гэта садзейнічае пад`ёму Беларусі на больш высокі ўзровень, і гэта садзейнічала таму, што Беларусь стала ў шэраг высокаразвітых, цывілізаваных дзяржаў. Атамная энергетыка, касманаўтыка - гэта новыя напрамкі развіцця Беларусі ў перыяд ужо яе незалежнасці і суверэнітэту", - сказаў Прэзідэнт.

На яго думку, у краіне не памыліліся, вырашыўшы займацца развіццём гэтай галіны, паколькі сёння ва ўсім свеце аб`ядноўваюць намаганні ў асваенні космасу. "І гэта з`яўляецца рухаючай сілай навукова-тэхнічнага прагрэсу. Сумесная праца вучоных, інжынераў, тэхнікаў, безумоўна, садзейнічае развіццю і іншых галін, росту нацыянальных эканомік", - перакананы кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што чалавек стагоддзямі імкнуўся да зорак, а пераадолеў зямное прыцяжэнне 57 гадоў таму. Па мерках развіцця цывілізацый - зусім нядаўна.

"Але поспехі, якіх дабіліся спецыялісты гэтай галіны, уражваюць, - дадаў Прэзідэнт. - Сёння ў свеце налічваецца амаль 90 касмічных дзяржаў, сярод якіх і наша Беларусь. 565 чалавек прынялі ўдзел у палётах. Больш за тысячу спадарожнікаў верцяцца вакол нашай планеты. Мы ганарымся, што ў гісторыю касмічнай эры ўпісаны імёны і беларускіх вучоных і касманаўтаў".

Ветэраны арбітальных палётаў Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак, удзельнік апошніх экспедыцый на Міжнароднай касмічнай станцыі Алег Навіцкі родам з Беларусі. Беларускія карані і ў касманаўта Алега Арцем`ева, які цяпер знаходзіцца на арбітальнай станцыі.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што асабіста вельмі чакаў гэтага мерапрыемства. У Беларусі да яго рыхтаваліся вельмі сур`ёзна.

"Накіроўваючыся да вас на гэты вялікі сход, я падумаў, што яшчэ, напэўна, ніколі не толькі ў гэтай зале, але і ў Мінску не было столькі герояў. Дазвольце мне ад імя беларускага народа вітаць на гэтым кангрэсе вас, людзей гераічных, якія здзейснілі подзвігі ў жыцці, вучоных, якія забяспечвалі гэтыя палёты і займаліся развіццём касмічнай навукі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Мне вельмі хацелася б, каб з Мінска, шматпакутнага горада-героя, які бачыў усё ў сваім жыцці і якому амаль тысячу гадоў, вы паехалі з добрым настроем. І каб гэты кангрэс, наш горад надалі дадатковы імпульс вашым асабістым задумам, тым арганізацыям, у якіх вы працуеце", - пажадаў беларускі лідар.

10 верасня 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/94/44882
Текущая дата: 15.11.2024