Пра гэта заявіў кіраўнік каманды "МАЗ-СПОРТаўта" Сяргей Вязовіч, чый экіпаж апынуўся першым у класе грузавікоў гонкі ў пустыні Каракумы.
"МАЗ-СПОРТаўта" ўпершыню ў гісторыі стаў чэмпіёнам міжнароднага ралі-рэйду. "МАЗ" Вязовіча апярэдзіў усе экіпажы "КАМАЗ-майстра" — самай тытулаванай каманды ў свеце.
Міжнародны марафон Turkmen Desert Race праводзіўся ўпершыню і сабраў у пустыні Каракумы прыблізна 70 экіпажаў з розных краін. Большая частка гонкі з 11 па 15 верасня прайшла ва ўмовах бездаражы: гоншчыкам давялося пераадолець стэпы з зыбучымі пяскамі і барханамі, саланчакі з вострымі камянямі і высахлыя рэчышчы.
"Перамога ў міжнароднай гонцы — важная падзея для каманды і Мінскага аўтазавода. Мы паказалі, што здольныя выйграваць у лідараў прэстыжных ралі-рэйдаў. Раней мы былі першымі на асобных этапах, уваходзілі ў лік прызёраў, але статус чэмпіёнаў атрымалі ўпершыню. Так што на "Дакар" паедзем у ліку фаварытаў з адзінай мэтай — трапіць на подыум. І ўсе разумеюць, што мы на гэта здольныя", — падкрэсліў Вязовіч.
Асноўная барацьба падчас ралі разгарнулася паміж "МАЗамі" і "КАМАЗамі". "Ні ў каго не было пераваг. Усе ехалі ў роўных умовах па незнаёмай для ўсіх трасе. Так што гэта была сумленная перамога, — адзначыў Вязовіч. — Апошнія ўчасткі былі хуткаснымі, калі трэба было ехаць хутка і не збіцца з курсу. Спрабавалі адыграць час, і нам гэта ўдалося. У апошні дзень ехалі спакойна, не рызыкавалі, а потым аказалася, што яшчэ і этап выйгралі".
У генеральнай класіфікацыі ўслед за беларусамі ідуць расійскія экіпажы Айрата Мардзеева і Дзмітрыя Сотнікава, якія адсталі ад самага хуткага "МАЗа" больш як на 20 хвілін. Чацвёртае месца заняў беларус Аляксей Вішнеўскі з гандыкапам у 49 хвілін, а пятае — яшчэ адзін прадстаўнік МАЗа Аляксандр Васілеўскі, які прайграў пераможцу больш як дзве гадзіны.
Перамога ў ралі па пустыні Каракумы стала для каманды "МАЗ-СПОРТаўта" найлепшым вынікам у гісторыі. У студзені 2018 года экіпаж Вязовіча падняўся на другое месца паводле вынікаў сусветна вядомага марафона "Дакар".
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 15 верасня 2018
Мінск, 15 верасня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/94/44960
Текущая дата: 15.11.2024