Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка падпісаў указ аб будаўніцтве Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку



У Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці на плошчы 8 тыс. 48 га будзе створаны Кітайска-беларускі індустрыяльны парк. Адпаведны ўказ, № 253, Аляксандр Лукашэнка падпісаў 5 чэрвеня, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Згодна з указам, індустрыяльны парк будзе ўяўляць сабой асаблівую эканамічную зону, надзеленую на 50 гадоў спецыяльным прававым рэжымам. Прыярытэтныя кірункі, што намячаюцца да развіцця ў парку, — электроніка, біямедыцына, тонкая хімія і машынабудаванне.

"Парк будзе якасна новым для краіны тэрытарыяльным утварэннем з інфраструктурай, неабходнай для эфектыўнага вядзення бізнесу", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Устаноўлена, што вышэйшым органам кіравання індустрыяльнага парку стане міжурадавы каардынацыйны савет, а кіраванне яго дзейнасцю ажыццяўляе адміністрацыя індустрыяльнага парку, якая з`яўляецца дзяржаўнай установай, падпарадкаванай ураду.

Адміністрацыя парку будзе створана Саветам міністраў. Яна будзе дзейнічаць "у адпаведнасці з заканадаўствам і ў рамках кампетэнцыі". У прыватнасці, адміністрацыя надзелена правам "ажыццяўляць дзяржаўную рэгістрацыю і ліквідацыю суб`ектаў гаспадарання, а таксама юрыдычных асоб у якасці рэзідэнтаў парку ў парадку, устаноўленым урадам; забяспечваць ажыццяўленне па зваротах юрыдычных асоб, зарэгістраваных на тэрыторыі гэтага парку, адміністрацыйных працэдур, прадугледжаных заканадаўствам; адбіраць і прадастаўляць у карыстанне, арэнду і прыватную ўласнасць сумеснай беларуска-кітайскай кампаніі па развіцці індустрыяльнага парку зямельныя ўчасткі ў яго межах".

Таксама ўказам прадугледжана стварэнне сумеснай беларуска-кітайскай кампаніі па развіцці індустрыяльнага парку. Яна павінна забяспечыць "праектаванне і будаўніцтва аб`ектаў, прадугледжаных генеральным планам індустрыяльнага парку, прыцягненне інвестараў, кіраванне аб`ектамі парку і развіццё яго інфраструктуры".

Доля Беларусі ў статутным фондзе гэтай кампаніі складзе 40%, Кітая — 60%. Аднак, як падкрэсліваецца ў паведамленні прэс-службы, гэта "не пацягне страты кіраванасці ад беларускага боку, паколькі асноўныя рашэнні будуць прымацца саветам дырэктараў, у якім у беларускага боку ёсць блакіруючы голас".

Статутны фонд кампаніі будзе фарміравацца за кошт грашовых укладаў у замежнай валюце, унесеных заснавальнікамі.

Даходы фізічных асоб у выглядзе аплаты працы, атрыманыя па працоўных дагаворах ад сумеснай кампаніі і (або) рэзідэнтаў індустрыяльнага парку да 1 студзеня 2027 года, будуць абкладацца падаходным падаткам з фізічных асоб у памеры 9%.

Для павышэння інвестыцыйнай прывабнасці індустрыяльнага парку ўказам устаноўлены ўмовы дзейнасці стратэгічных інвестараў, якія ўключаюць у сябе прэферэнцыяльныя рэжымы свабодных эканамічных зон, Парку высокіх тэхналогій, малых і сярэдніх гарадоў. "Створаны найбольш спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі буйных інвестыцыйных праектаў", — паведамляе прэс-служба.

Ва ўказе таксама вызначана, што зямельныя ўчасткі для патрэб будаўніцтва індустрыяльнага парку "не выдзяляюцца з зямель населеных пунктаў, садаводчых таварыстваў, дачных кааператываў".

Міжурадавае беларуска-кітайскае пагадненне аб стварэнні сумеснага індустрыяльнага парку было падпісана ў Мінску ў верасні 2011 года, а ў снежні — ратыфікавана парламентам Беларусі.

Мясцовыя жыхары і дачнікі актыўна пратэстуюць супраць будаўніцтва ў Смалявіцкім раёне індустрыяльнага парку. Яны ўпэўнены, што ад такога маштабнага праекта, які прадугледжвае будаўніцтва соцень прадпрыемстваў, непазбежна пацерпіць экалогія гэтых месяцаў. Да таго ж эколагі заяўляюць, што індустрыяльная забудова пад Мінскам, у рэкрэацыйнай зоне сталіцы, сур`ёзна пагоршыць экалагічную абстаноўку ў мегаполісе.

25 мая ў Смалявіцкі райвыканкам (Мінская вобласць) была перададзена заява з патрабаваннем зарэгістраваць ініцыятыўную групу па правядзенні мясцовага рэферэндуму.

На яго прапануецца вынесці пытанне: "Ці згодныя вы з размяшчэннем на тэрыторыі Смалявіцкага раёна Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку?

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 7 чэрвеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-412/10/14517
Текущая дата: 27.12.2024