Белорусский портал в Казахстане

Прамыя замежныя інвестыцыі Кітая ў Беларусь за апошнія дзесяць гадоў выраслі ў 200 разоў



Аб гэтым паведаміла 27-га жніўня намеснік міністра эканомікі Беларусі Алена Пермінава пасля цырымоніі завяршэння будаўніцтва першага жылога дома ў індустрыяльным парку "Вялікі камень".

Намеснік міністра адзначыла, што стратэгічныя адносіны дзвюх краін развіваюцца вельмі дынамічна, аб чым сведчаць паказчыкі па тавараабароце, экспарце і інвестыцыях.

"Нават з нашымі суседзямі ў нас няма такога дынамічнага развіцця, - падкрэсліла Алена Пермінава. - Кітай стаў ужо трэцім нашым гандлёва-эканамічным партнёрам. Прамыя замежныя інвестыцыі з гэтай краіны за апошнія 10 гадоў павялічыліся ў 200 разоў".

Партфель тэхніка-эканамічнай дапамогі Кітая на сёння складае ўжо паўмільярда долараў і, паводле слоў намесніка міністра, будзе расці.

У прыватнасці, толькі з 2015 года ў межах 12 праектаў Кітай выдзеліў нашай краіне амаль $185 млн тэхніка-эканамічнай дапамогі.

"Ключавымі праектамі з`яўляюцца развіццё індустрыяльнага парка "Вялікі камень", будаўніцтва сацыяльнага жылля, студэнцкага інтэрната ў Мінску, а таксама тэрапеўтычнага корпуса Мінскай цэнтральнай раённай бальніцы", - прывяла прыклады Алена Пермінава.

Дзякуючы дапамозе Кітая пабудавана першая чарга сістэмы электрыфікацыі індустрыяльнага парка, рэканструявана рэчышча ракі Уша.

Сёння ў "Вялікім камені" адбылася цырымонія завяршэння будаўніцтва першага жылога дома, а да канца года будзе закончана і будаўніцтва кітайска-беларускага цэнтра супрацоўніцтва ў галіне трансфармацыі навукова-тэхнічных дасягненняў. Як падкрэсліла намеснік міністра, развіццё парка мае ключавое значэнне для паглыблення партнёрства і дружбы паміж Беларуссю і Кітаем і народамі дзвюх краін.

"Індустрыяльны парк першым у Беларусі атрымаў міжнародны сертыфікат экалагічнага менеджменту і аўдыту, парк мае статус экагорада, у якім гарманічна спалучаюцца вытворчая, адміністрацыйная і жылая інфраструктуры. Для прыцягнення замежных інвестараў на тэрыторыі "Вялікага каменя" створаны лепшыя ўмовы для развіцця інавацыйных і экспартаарыентаваных вытворчасцей", - адзначыла Алена Пермінава.

Па выніках мінулага года на долю рэзідэнтаў індустрыяльнага парка прыпадала 70 працэнтаў усіх прамых замежных інвестыцый Смалявіцкага раёна і 20 працэнтаў - Мінскай вобласці. Сёння кожнае пятае высокапрадукцыйнае рабочае месца створана рэзідэнтамі парка.

27 жніўня 2019, Мінск
Таццяна Лісатовіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-412/3/49460
Текущая дата: 27.12.2024