Белорусский портал в Казахстане

У Мінску падвялі вынікі конкурсу "100 ідэй для Беларусі - 2018"



Фінальнае мерапрыемства прайшло ў бізнес-інкубатары Парка высокіх тэхналогій.

Праграма фіналу традыцыйна ўключала прэзентацыю найбольш перспектыўных распрацовак і абарону праектаў-фіналістаў перад рэспубліканскім экспертным саветам у дзвюх узроставых групах: навучэнская моладзь і студэнты, курсанты, слухачы ўстаноў вышэйшай адукацыі, працоўная моладзь, маладыя навукоўцы да 35 гадоў.

У выніку пераможцам у намінацыі "Бія- і нанаіндустрыя" стала старшы навуковы супрацоўнік ДНУ "Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі" Ганна Палешка - аўтар праекта "Стварэнне калекцыі індуцыраваных плюрыпатэнтных стваловых клетак, атрыманых ад пацыентаў з рэдкімі генетычнымі захворваннямі". У намінацыі "Інфармацыйна-камунікацыйныя і авіякасмічныя тэхналогіі" перамаглі навучэнец Слуцкага дзяржаўнага каледжа Дзяніс Катляроў з праектам NeuroLife, а таксама аўтарскі калектыў у складзе навучэнцаў філіяла БДУІР "Мінскі радыётэхнічны каледж" і студэнтаў БДУІР з праектам "Мабільны навігатар для людзей з інваліднасцю INVO".

Малодшы навуковы супрацоўнік НАН Беларусі Ганна Шчаюк распрацавала праект "Даследаванне малекулярна-генетычных асаблівасцей патагенезу нядробнаклетачнага раку лёгкага" і стала лепшай у намінацыі "Медыцына, фармацыя, медыцынская тэхніка". У намінацыі "Хімічныя тэхналогіі, нафтахімія" адзначаны: навучэнец гімназіі нумар 40 Мінска Кірыл Варашуха - аўтар праекта "Атрыманне духмяных рэчываў з жывічнага шкіпінару" і навуковы супрацоўнік НАН Беларусі Таццяна Глявіцкая за праект "Smart-мембраны для харчовай прамысловсці", у намінацыі "Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі і вытворчасць" - навучэнец Каледжа сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе УА "РІПА" Арцём Новікаў за праект "Мехатронная станцыя на базе ATmega2560", навуковы супрацоўнік НАН Беларусі Павел Бегуноў - аўтар праекта "Устройства прэцызійнага УФ экспанавання", майстар вытворчага абучэння Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Арцём Крывапуст за праект "Бустар для прамыўкі радыятараў і цеплаабменнікаў ППУ-5 "Цунамі", а таксама электрамеханік Гомельскай дыстанцыі сігналізацыі сувязі Арцём Базараў - аўтар праекта "Аднаўленне працаздольнасці прыёмных капсул КТСМ-01Д".

У намінацыі "Аграпрамысловыя тэхналогіі вытворчасці" пераможцамі сталі: вучань сярэдняй школы нумар 11 Наваполацка Уладзіслаў Бука - аўтар праекта "Аграробат. Комплекс робатаў сельскагаспадарчай тэхнікі", старшы навуковы супрацоўнік НАН Беларусі Людміла Сакалоўская з праектам "Інавацыйныя тэхналогіі вытворчасці згушчаных малочных кансерваў з паніжанай колькасцю дысахарыдаў", у намінацыі "Нацыянальная бяспека і абараназдольнасць, абарона ад надзвычайных сітуацый" - аўтарскі калектыў Краснапольскай дзяржаўнай гімназіі з праектам "Стварэнне ўстройства для абароны топачнай прыватнага жылога дома", ад`юнкт Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Аляксей Ліхаманаў - аўтар праекта "Пенныя арашальнікі з полілактыду для аўтаматычных установак пажаратушэння".

У намінацыі "Энергетыка, у тым ліку атамная энергетыка і энергаэфектыўнасць" адзначаны курсант Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі Ксенія Цярэшчанка - аўтар праекта "Fuzzу-рэгулятары" ў энергаэфектыўным кіраванні электрапрыводамі пастаяннага току", а таксама аўтарскі калектыў супрацоўнікаў філіяла "Вучэбны цэнтр" РУП "Віцебскэнерга" - аўтары праекта "EnergyBox. Бяспечная разетка з пашыраным функцыяналам". У намінацыі "Грамадства, эканоміка і сацыяльная сфера" лепшымі сталі: навучэнец Гомельскага дзяржаўнага машынабудаўнічага каледжа Павел Трыфалаў - аўтар праекта "Электронны флікер для веласіпедыстаў", педагог-арганізатар сярэдняй школы нумар 35 Гродна Настасся Ханько з праектам "Цёплыя кнігі", малодшы навуковы супрацоўнік НАН Беларусі Аляксей Бакуновіч - аўтар праекта "Электронны атлас "Загойванне паўнаслойнай скураной раны: мікраанатомія і гісталогія", курсант Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Кірыл Дрозд за праект "Дзейнасць па аднаўленні памяці ў кантэксце патрыятычнага выхавання моладзі".

Як адзначыў першы сакратар ЦК БРСМ Дзмітрый Варанюк, фінал не азначае завяршэнне конкурсу. "Мы ўсяго толькі падвялі вынікі за мінулы год. Але ўжо сёння думаем, чым мы можам дапамагчы аўтарам заўтра, як далей суправаджаць іх распрацоўкі. І тут нам аказвае падтрымку Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, Міністэрства адукацыі і многія іншыя структуры. Мы ўпэўнены, што самае важнае - падтрымаць ініцыятывы, якія ёсць у моладзі, усё тое, што зараджаецца ў школе, ва ўніверсітэце або на працоўным месцы. Для нас фінальная сотня праектаў - усе пераможцы і іх ідэі заслугоўваюць увагі", - сказаў ён.

Партнёрамі гранд-фіналу конкурсу "100 ідэй для Беларусі - 2018" выступілі канцэрн "Белнафтахім", ЗАТ "БеСТ", ААТ "Газпрам трансгаз Беларусь", Асацыяцыя абароны інтэлектуальнай уласнасці "БелБрэнд". Ідэйным натхніцелем праекта з 2011 года з`яўляецца БРСМ. Конкурс накіраваны на матывацыю і развіццё маладзёжнага вынаходніцтва, рацыяналізатарства. Ён акумулюе лепшыя інавацыйныя ідэі ў розных сферах сацыяльнага і эканамічнага развіцця краіны, запатрабаваныя для практычнай рэалізацыі, і садзейнічае іх пашырэнню.

28 лютага 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-412/4/46941
Текущая дата: 27.12.2024