11 сьнежня ў Беларуска-кітайскім індустрыяльным парку, які будуецца пад Смалявічамі, адбылася закладка першага каменя праекту China Merchants Group «Кітайска-беларускі камэрцыйны і лягістычны парк».
На ўрачыстасьцях прысутнічалі намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Мікалай Снапкоў і дырэктар China Merchants Group, генэральны прадстаўнік прадстаўніцтва гэтай кампаніі ў раёнах Цэнтральнай Азіі і Балтыі Ху Чжэн.
У першую чаргу пры будаўніцтве гэтага праекту будзе ўкладзена 150 мільёнаў даляраў. Агульная плошча будаўніцтва займае каля 100 тысяч квадратных мэтраў. А ўсяго плянуецца ўкласьці ў гэты праект 0,5 мільярда даляраў. Пры канцы 2016 году першая чарга павінна быць гатова, і кітайцы запрашаюць Аляксандра Лукашэнку на ўрачыстае адкрыцьцё, паведаміў кітайскі інвэстар Ху Чжэн:
«Праект China Merchants Group — Кітайска-беларускі камэрцыйны і лягістычны парк першай чаргі — зьяўляецца найбуйнейшым праектам па капіталаўкладаньнях сярод існуючых аб’ектаў індустрыяльнага парку».
Мікалай Снапкоў, у сваю чаргу, адзначыў, што каб зразумець значэньне сёньняшняга мерапрыемства, трэба разумець гісторыю Шаўковага шляху:
«Асновай Шаўковага шляху, базавымі кропкамі зьяўляліся так званыя стаянкі. Гэта былі нейкія тэрыторыі, гарады на лініі шляху, дзе ў тыя часы канцэнтраваліся гандаль і лягістыка, кантакты людзей, фінансы, камэрцыйныя і гандлёвыя інтарэсы. Яны зьяўляліся і кропкамі Шаўковага шляху, і кропкамі разьвіцьця тых краінаў, празь якія праходзіў Шаўковы шлях. Адной з магутных гандлёвых кропак на сучасным Шаўковым шляху зьяўляюцца Менск, Беларусь, Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк.
China Merchants Group, як адна зь вядучых лягістычных кампаній сьвету, сёньня пачынае будаўніцтва свайго лягістычнага парку. Гэта ня проста лягістычны парк, гэта каапэрацыя — прамысловая, фінансавая, таварная, гандлёвая. Гэта сапраўды глябальны цэнтар, які будзе зьяўляцца пэрлінай Шаўковага шляху, як яго назваў старшыня КНР Сі Дзінпін».
Мікалай Снапкоў паведаміў, што зараз прапрацоўваецца пагадненьне паміж Беларусьсю і Літвой, якое будзе фармаваць свабодны гандлёвы паток паміж дзьвюма краінамі. Бо менавіта China Merchants Group выводзіць гэты паток у клайпедзкі порт.
Іна Студзінская
Радыё Свабода, 11 сьнежня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-412/8/33605
Текущая дата: 23.11.2024