Белорусский портал в Казахстане

Выкарыстанне нацыянальных валют у знешнім гандлі таварамі і паслугамі дало магчымасць Беларусі і Расіі мінімізаваць негатыўны ўплыў заходніх санкцый на айчынныя эканомікі



Такое меркаванне выказаў вучоны-эканаміст Міхаіл Кавалёў.

Паводле яго слоў, краіны паспяхова ўмацоўваюць фінансавы суверэнітэт Саюзнай дзяржавы, пазбаўляючыся ва ўзаемных разліках ад "таксічных" заходніх валют. "Важнасць узаемаразлікаў у рублях паміж Беларуссю і Расіяй у першую чаргу абумоўлена тым, што пры разліках у чужых валютах гэту валюту трэба зарабіць, прадаўшы свае тавары за мяжу, а потым гэтыя сродкі замарозіць у разліках. Для нас сёння разлікі ў чужых валютах ускладнены яшчэ тым, што яны належаць варожым дзяржавам. І ўсе такія разлікі тармозяцца. Нават калі банкі не знаходзяцца пад санкцыямі, усё роўна гэта прыводзіць да больш высокай цаны транзакцый", - адзначыў ён.

Эканаміст асабліва падкрэсліў, што інтэграцыя Беларусі і Расіі ў фінансавай сферы вядзе да зніжэння інфляцыйных рызык, гарманізацыі фінансавага, банкаўскага і падатковага заканадаўстваў Саюзнай дзяржавы. Ён нагадаў, што развіццю гэтых напрамкаў прысвечаны 7 з 28 Саюзных праграм. Пры гэтым, паводле яго слоў, неабходна актыўней укараняць розныя лічбавыя механізмы для актывізацыі ўзаемаразлікаў у нацвалютах.

"Лічу, што трэба стварыць лічбавую платформу накшталт SWIFT. На ёй банкі, зацікаўленыя ў разліках у нацыянальных валютах, адкрылі б карэспандэнцкія рахункі і імгненна праводзілі неабходныя разлікі. У век лічбавай эканомікі гэта зрабіць проста. Прыкладаў у свеце шмат. Гэта зацікавіла б і стымулявала разлічвацца ў нацыянальных валютах. І тады б мы ў безнаяўных разліках забылі пра долары і еўра", - дадаў вучоны.

Міхаіл Кавалёў таксама нагадаў, што досвед Саюзнай дзяржавы па выкарыстанні нацыянальных валют ва ўзаемных разліках актыўна вывучаецца і прымяняецца на прасторы СНД і ЕАЭС, тым самым зніжаючы іх залежнасць ад долара і еўра, якія імкліва губляюць сваю рэпутацыю.

"Відавочна, што разлічвацца Беларусі з Казахстанам праз нейкі еўрапейскі або амерыканскі банк зусім не лагічна. Таму вельмі важна адысці ад чужых валют, долары гэта ці еўра, і перайсці на разлікі ў нацыянальных валютах. Гэта мае на ўвазе, што беларускі пакупнік тавару за мяжой плаціць за гэтыя тавары ў беларускіх рублях, а прадавец атрымлівае разлікі ў валюце сваёй краіны. З прычыны даволі высокай валацільнасці некаторых нацыянальных валют важна, каб такія разлікі праводзіліся ў рэальным часе. У гэтым павінны быць зацікаўлены банкі, якія маюць карэспандэнцкія рахункі ва ўсіх краінах ЕАЭС і СНД. Гэта не складана зрабіць", - рэзюмаваў вучоны-эканаміст.

30 кастрычніка 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-414/2/71371
Текущая дата: 22.07.2024