Белорусский портал в Казахстане

У супрацоўніцтве ЕАЭС і ЕС заключаецца патэнцыял эфектыўнага ўзаемадзеяння



Аб гэтым заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шэстакоў 8 снежня на міжнароднай канферэнцыі "25 гадоў без СССР: куды вядуць постсавецкія траекторыі?"

У супрацоўніцтве буйных інтэграцыйных аб`яднанняў па лініі Усход - Захад заключаецца патэнцыял эфектыўнага ўзаемадзеяння

Намеснік міністра адзначыў, што Беларусь даўно пашырае ідэю інтэграцыі інтэграцый.

"Не сакрэт, што па лініі Усход - Захад, ЕАЭС - ЕС яна пакуль успрымаецца вельмі стрымана, у тым ліку нашымі еўрапейскімі партнёрамі. Але ж менавіта ў сінергіі буйных інтэграцыйных аб`яднанняў заключаецца патэнцыял эфектыўнага ўзаемадзеяння ў першую чаргу эканамічнага", - лічыць Яўген Шэстакоў.

Паводле яго слоў, эфект узаемавыгаднага партнёрства мог бы быць асабліва карысны цяпер, калі Еўрасаюз сам праходзіць праз няпросты перыяд (брэксіт, наяўнасць інтэграцыйных праблем і сацыяльна-эканамічнага дысбалансу).

"Еўрапейская інтэграцыя, на мой погляд, не павінна абмяжоўвацца толькі Захадам", - сказаў дыпламат. Яўген Шэстакоў дадаў, што да ліку важнейшых задач Беларусь адносіць інтэграцыю ЕАЭС з саюзнымі і іншымі праектамі дзяржаў Азіі, у тым ліку з краінамі АСЕАН і Кітаем.

8 снежня 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-414/20/37949
Текущая дата: 24.12.2024