Белорусский портал в Казахстане

Лідары чатырох краін ЕАЭС 26 снежня ў Санкт-Пецярбургу падпісалі новую рэдакцыю Мытнага кодэкса



У цырымоніі ўзялі ўдзел прэзідэнты Расіі Уладзімір Пуцін, Кыргызстана — Алмазбек Атамбаеў, Казахстана — Нурсултан Назарбаеў і Арменіі — Серж Саргсян.

Аляксандр Лукашэнка на саміт не прыехаў. Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў паведаміў журналістам, што беларускі бок праінфармаваў пра няўдзел Лукашэнкі ў мерапрыемствах. "Я думаю, што нам некарэктна было б казаць пра прычыны, усё ж такі гэта павінна рабіць прэс-служба прэзідэнта Беларусі", — дадаў ён. 

Пяскоў заявіў, што адсутнасць Лукашэнкі не перашкодзіць абмяркоўваць пытанні інтэграцыі. "Таму што, яшчэ раз паўтараю, усе дакументы, якія сёння будуць падпісвацца, яны раней былі цалкам узгодненыя падчас калегіі з нашымі беларускімі партнёрамі. І падпісаныя дакументы далей проста будуць накіраваныя ў Мінск з тым, каб Аляксандр Рыгоравіч змог іх там падпісаць", — сказаў прэс-сакратар Пуціна.

Мытны кодэкс Еўразійскага эканамічнага саюза прыйдзе на змену Мытнаму кодэксу Мытнага саюза, прынятаму ў 2009 годзе. Дакумент павінен закласці неабходныя асновы для пераходу да адзінага мытнага рэгулявання ў межах ЕАЭС.

У кодэкс, праца над якім вялася на працягу трох гадоў, закладзеныя новыя падыходы да інфарматызацыі мытных аперацый, уводзіцца больш зручны для бізнесу алгарытм узаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі, які мінімізуе папяровы дакументаабарот і фізічны кантакт удзельнікаў знешнеэканамічнай дзейнасці са службовымі асобамі. Акрамя таго, максімальна ўніфікуюцца мытныя аперацыі для ўсіх краін саюза.

З уваходжаннем новага дакумента ў сілу ЕЭК будзе вызначаць верхнія вартасныя і вагавыя межы бяспошліннага гандлю, адзіныя для ўсіх краін. Бакі ж паводле свайго меркавання могуць усталёўваць больш нізкія нормы бяспошліннага ўвозу на нацыянальным узроўні ў дачыненні да тавараў, што перамяшчаюцца з дапамогай міжнародных паштовых адпраўленняў, а таксама экспрэс-перавозчыкамі.

Члены саюза дамовіліся, што праз год пасля ўваходжання ў сілу новага Мытнага кодэкса, у 2018 годзе, пачнецца паступовае зніжэнне парогу бязмытнага ўвозу тавараў з замежных інтэрнэт-крам у краіны ЕАЭС. Першае зніжэнне — да 500 еўра ў 2018 годзе. Звыш нормы — прадугледжаны плацеж у памеры 30%, але не менш як 4 еўра за 1 кг. Пасля заканчэння двух гадоў з моманту ўваходжання ў сілу кодэкса прадугледжанае зніжэнне нормы да 200 еўра, звыш гэтага — выплата 15%, але не менш як 2 еўра за 1 кг.

Мяркуецца, што Мытны кодэкс ЕАЭС набудзе моц 1 ліпеня 2017 года.

9 снежня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, на якой запатрабаваў забяспечыць выкананне нацыянальных інтарэсаў краіны пры прыняцці Мытнага кодэкса ЕАЭС. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў даць праекту Мытнага кодэкса "аб`ектыўную ацэнку, узважыць усе за і супраць, пралічыць наступствы і магчымыя рызыкі". "Нягледзячы на станоўчыя водгукі дзяржаўных органаў, навуковых арганізацый, у мяне ўзнікае шэраг пытанняў з пункта гледжання захавання ў дакуменце нацыянальных інтарэсаў", — заявіў ён.

"Мы нічога не павінны страціць, у нас губляць няма чаго. Калі асноўныя гульцы нашага эканамічнага саюза — Расія і Казахстан — могуць недзе на нешта заплюшчыць вочы і рукой махнуць (у іх грошай нямерана, ведаеце ад чаго), то ў нас такіх шалёных грошай няма. Мы зарабляем сваімі мазгамі і рукамі гэтыя грошы", — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што эканоміка Беларусі амаль два гады функцыянуе ў межах ЕАЭС. "Вынікі вядомыя. Я ўжо не адзін раз пра гэта казаў. Падзенне тавараабароту ў саюзе — прыкладна 40% летась, сёлета — прыблізна 15%. Вось вынік", — сказаў Лукашэнка

Варта адзначыць, што Мытны кодэкс Мытнага саюза, які ўвайшоў у сілу 1 ліпеня 2010 года, беларускі кіраўнік падпісаў з пяцідзённым спазненнем. У абумоўлены тэрмін дакумент набыў моц толькі на тэрыторыі Расіі і Казахстана.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 26 снежня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-414/20/38175
Текущая дата: 24.12.2024