Аб гэтым заявіў намеснік прэм`ер-міністра Уладзімір Сямашка, падводзячы 19 лютага вынікі калегіі Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.
"Мы павінны адсекчы неабгрунтаваны імпарт, абараніць свой рынак, але абараніць цывілізавана. Дзяржстандарт як раз працуе ў такім кірунку, які дазваляе з апорай на тэхрэгламенты і стандарты не пусціць на наш рынак неабгрунтаваны тавар", — сказаў Сямашка, словы якога прыводзіць прэс-служба ўрада. У першую чаргу, адзначыў ён, гаворка ідзе аб прадукцыі, якая можа нанесці шкоду здароўю грамадзян. Пры гэтым неабходна ўлічваць інтарэсы партнёраў па ЕАЭС.
Кажучы пра ўкараненне тэхрэгламентаў Мытнага саюза, намеснік прэм`ер-міністра растлумачыў, што яны неабходныя, каб айчынныя вытворцы ўпэўнена адчувалі сябе на знешніх рынках. "Беларусь — краіна з адкрытай эканомікай, мы павінны прадаць не менш за 65% вырабленай прадукцыі. Канкурэнцыя пры гэтым вельмі жорсткая, таму мы павінны быць абсалютна ўпэўненыя, што наш прадукт адпавядае ўсім стандартам і рэгламентам і не можа быць забракаваны", — заявіў Сямашка.
Ён адзначыў, што ў краіне ўжо ўкаранёныя 34 тэхрэгламенты Мытнага саюза, яшчэ 22 — у распрацоўцы. "Пачынаецца адказны этап іх адаптацыі, і тут мы выяўляем неадпаведнасці. Яны выкліканыя тым, што часта рэальны сектар эканомікі ставіўся фармальна да прыняцця тэхрэгламентаў. І сёння мы бачым, што не заўсёды можам выканаць іх патрабаванні, таму што не прадумалі сістэму сертыфікацыі, аснашчэнне лабараторый", — сказаў віцэ-прэм`ер і даручыў старшыні Дзяржстандарта да 1 мая дэталёва прааналізаваць гэтую сітуацыю і падрыхтаваць прапановы па яе выпраўленні.
Пакет прапаноў будзе разгледжаны на пасяджэнні рабочай групы, створанай у Саўміне пад старшынствам Сямашкі для вырашэння праблемных пытанняў, што ўзнікаюць пры ўкараненні тэхрэгламентаў МС.
БелаПАН
Мінск, 19 лютага 2016
Мінск, 19 лютага 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-414/23/34386
Текущая дата: 24.12.2024