Белорусский портал в Казахстане

Дзяржстандарт Беларусі забараніў увоз і абарот на рынку краіны свяцільняў турэцкай і расійскай вытворчасці



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе камітэта.

Небяспечная прадукцыя выяўленая Гродзенскай абласной інспекцыяй, а таксама інспекцыяй па Мінскай вобласці і Мінску.

Так, у ТАА "БПЛэлектра" (Ліда) рэалізоўваліся столевыя свяцільні гандлёвай маркі TDM ELECTRIC турэцкай вытворчасці, у якіх не была забяспечаная абарона спажыўцоў ад пашкоджання электрычным токам, што патрабуе тэхнічны рэгламент Мытнага саюза і дзяржаўныя стандарты на гэтую прадукцыю. Падчас выпрабаванняў патрон лямпы адхіліўся ад свайго месца, а мантажны прабой адваліўся ад корпуса свяцільні. Электрычныя кантакты патрона былі лёгкадаступнымі, што не дапускаецца дзейнымі стандартамі. У выніку спецыялісты зрабілі заключэнне, што эксплуатацыя такіх свяцільняў стварае небяспеку для жыцця спажыўцоў.

Забарона на рэалізацыю свяцільняў выдадзена і гандлёваму аб`екту ЗАТ "Ніпекс" (Мінск). Так, у свяцільнях гандлёвай маркі "Тэхналюкс" (вытворчасць ТАА АЭТЗ "Рэкорд", горад Аляксандраў Уладзімірскай вобласці РФ) выяўлена неадпаведнасць патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза "Электрамагнітная сумяшчальнасць тэхнічных сродкаў" па ствараных электрамагнітных перашкодах. Зафіксавана перавышэнне ўстаноўленых значэнняў гарманічных складальнікаў току, што можа стварыць перашкоды для працы іншага электрычнага, кантрольна-вымяральнага абсталявання, выклікаць збоі электрасувязі і выхад лямпаў са строю. 

На гэтыя віды прадукцыі на тэрыторыі краіны спынена дзеянне выдадзеных сертыфікатаў адпаведнасці Мытнага саюза. 

У межах інфармацыйнага ўзаемадзеяння Дзяржстандарт накіраваў указаную вышэй інфармацыю абласным інспекцыям, іншым наглядным органам як у рэспубліцы, так і ў ЕАЭС. 

Усяго за 11 месяцаў 2015 года Дзяржстандартам забаронены ўвоз і абарот 248 найменняў небяспечнай прадукцыі, на 190 найменняў спажывецкіх тавараў спынена (прыпынена) дзеянне на тэрыторыі рэспублікі дакументаў аб пацвярджэнні адпаведнасці Мытнага саюза. 

Такія меры ўжываюцца паводле ўказа прэзідэнта № 48 ад 9 лютага 2015 года "Аб мерах па забеспячэнні дзяржаўнага кантролю (нагляду) за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў".

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 11 снежня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-414/24/33600
Текущая дата: 24.12.2024