Белорусский портал в Казахстане

БСДП (Грамада) прапануе ўладам пачаць перамовы з краінамі — удзельніцамі МС аб пералічэнні падаткаў з заробкаў грамадзян ў краіны іх пражывання



Аб гэтым гаворыцца ў заяве прэзідыума партыі з прычыны намеру ўвядзення падатку на беспрацоўных.

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) прапануе ўладам пачаць перамовы з краінамі — удзельніцамі Мытнага саюза аб пералічэнні падаткаў з заробкаў грамадзян ў краіны іх пражывання.

БСДП (Грамада) лічыць, што ўвядзенне падатку на беспрацоўных з’яўляецца парушэннем канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян. "Паводле нашай Канстытуцыі, кожны грамадзянін мае права самастойна вырашаць, працаваць яму ці не, а таксама свабодна выбіраць сабе род заняткаў. Мы перакананыя, што хатнія гаспадыні, фрылансеры, а таксама грамадзяне, якія працуюць за мяжой, не павінны абкладацца падаткам, які пярэчыць Канстытуцыі. Беларусь з’яўляецца для ўсіх грамадзян агульным домам, а не працоўным лагерам", — адзначаецца ў дакуменце.

Сацыял-дэмакраты звяртаюць увагу і на тое, што на дадзены момант "кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь не здолее забяспечыць усіх беспрацоўных працоўнымі месцамі". "Паводле звестак на студзень 2015 года, у краіне налічваецца ўсяго толькі 33,6 тысячы вакантных працоўных месцаў. Адсюль вынікае, што працаўладкаваць да аднаго мільёна беларусаў, якія не маюць сталай працы, ніяк не атрымаецца. Па-першае, няма такой колькасці працоўных вакансій. Па-другое, не ўсякая праца можа забяспечыць грамадзянам дастойны ўзровень заробку і жыцця", — адзначаюць яны.

БСДП (Грамада) ўпэўнена, што праз увядзенне падатку на беспрацоўных урад спрабуе "кампенсаваць хібы ў эканоміцы", а таксама "ўзяць пад большы кантроль грамадзян". Партыя заяўляе, што пачынае інфармацыйную кампанію, накіраваную на абарону палітычных і сацыяльна-эканамічных свабод, а таксама недапушчэнне з’яўлення ў нашай краіне інстытуту прымусовай працы. "Замест прымусовага працаўладкавання мы прапануем ураду заняцца стварэннем новых працоўных месцаў і рэфармаваннем эканомікі, распрацоўкай заканадаўства, якое дазволіць легалізаваць людзей, што працуюць дыстанцыйна або па дамовах падраду (фрылансу), заканадаўства, якое дазволіць легалізаваць працоўных мігрантаў за межамі Беларусі, а ў выпадку іх легальнай працы ў межах Мытнага саюза — не дапусціць двайнога падаткаабкладання заробкаў грамадзян. Мы прапануем пачаць перамовы з краінамі — удзельніцамі Мытнага саюза аб пералічэнні падаткаў з заробкаў грамадзян ў краіны іх пражывання", — гаворыцца ў заяве.

Сергей Королевич, БелаПАН
Мінск, 3 сакавіка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-414/29/29912
Текущая дата: 23.12.2024