Белорусский портал в Казахстане

Карымаў: Узбэкістан ніколі ня ўступіць у саюз, падобны да СССР



Пра гэта прэзыдэнт Узбэкістану Іслам Карымаў заявіў на першым пасяджэньні ніжняй палаты парлямэнту новага складу, абранай у сьнежні летась.

Карымаў сказаў, што некаторыя краіны спрабуюць «праслаўляць ленінскую і сталінскую эпоху СССР» і дадаў, што Узбэкістан «ніколі не прыме» гэтага.

Заўвагі Карымава тычыліся ўтварэньня з 1 студзеня 2015 году Эўразійскага эканамічнага саюзу ў складзе Беларусі, Казахстану і Расеі, да якога ў траўні далучацца Армэнія і Кіргізстан.

Карымаў, кіраўнік самай шматлюднай краіны Цэнтральнай Азіі (з насельніцтвам 30 мільёнаў чалавек), заўсёды з насьцярогай ставіўся да плянаў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна павялічыць уплыў Масквы на былыя савецкія рэспублікі.

Выступаючы ў парлямэнце, узбэцкі лідэр заявіў, што Ўзбэкістан ніколі не дазволіць разьмяшчаць замежныя ваенныя базы на сваёй тэрыторыі.

Ён адзначыў, што Ўзбэкістан будзе працягваць тое, што ён назваў «правільны шлях эвалюцыйнага і паэтапнага разьвіцьця ў бок дэмакратыі.»

Паводле ацэнак міжнародных праваабарончых арганізацый рэжым Карымава зьяўляецца адным з самых рэпрэсіўных рэжымаў у сьвеце, нароўні ў Туркмэністанам і Паўночнай Карэяй. Паводле Human Rights Watch, колькасьць палітвязьняў ва Ўзбэкістане вымяраецца тысячамі чалавек.

Радыё Свабода
13 студзеня 2015, Менск

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-414/30/29013
Текущая дата: 17.11.2024