У Казахстанскім універсітэце імя Аль-Фарабі ў Алматы прайшла навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная 40-годдзю выдання кнігі Алжаса Сулейменава «Аз і я». Гучалі на ёй і «беларускія матывы».
Тэма суадносін «Слова пра паход Ігаравы» з самымі рознымі фізічнымі і духоўнымі прасторамі, якая некалі захапіла яркага, нераўнадушнага паэта і публіцыста, здаўна хвалявала, не давала спакою ў славянскім свеце, у Беларусі. Праўда, калі зазірнуць у грунтоўны энцыклапедычны даведнік беларускага даследчыка М. Булахава «Слова пра паход Ігаравы» ў літаратуры, мастацтве, навуцы», то там пра А. Сулейменава ніводным радком не ўзгадана. Яно і зразумела: кніга «Аз і я», выдадзеная ў 1975 годзе, выклікала самую негатыўную рэакцыю. Найперш — у Маскве. Алжас Сулейменаў парушыў многія погляды, выклаў сваё суб’ектыўнае бачанне розных бакоў у помніку старажытнарускай літаратуры.
«Маю права памыляцца, — пісаў паэт у прадмове да свайго даследавання, — і прызнаваць і шукаць свае новыя рашэнні». Ён быў упэўнены, што «Слова» варта чытаць не калектывам Мы (Славіст, Цюрколаг, Гісторык, Паэт і інш.), а калектывам Я. Тыя самыя персанажы, але аб’яднаныя ў адной асобе... Ён адмовіўся ад пошуку і выяўлення цюркізмаў у «Слове», а звярнуў увагу на болей важныя, сутнасныя, матывы, на суадносіны, як ён выказаўся, Русі і Поля. Вынік — кніга стала выбухам, парушыла многія стэрэатыпы. А паэта на доўгія гады перасталі друкаваць.
У Беларусі Алжаса Сулейменава чыталі і чытаюць зараз. Вершы яго пераклалі на беларускую мову Рыгор Барадулін і Мікола Мятліцкі.
«Што мог распавесці
датчанін паэт, —
Мог Баян,
Рудакі мог уздыбіць газель.
Час мінуўся: шапталі, шумелі, крычалі,
Ды ў эпоху Цянь-Шаня хтось скажа пра ўсё.
Я хачу і магу, абавязаны мовіць,
Я люблю — калі вецер між скалаў
Цянь-Шаня.
Толькі ветразі ўсё ж
Напаўняюцца мерна
(Моцна, з мора паўднёвага) усплёскам
Ціхуткім.
Казахі завуць — Ала-тау.
Кіргізы завуць — Ала-тоо!
Хакасы завуць — Алтай!
А Цянь-Шань застаецца — Цянь-Шанем.
І стагоддзямі доўжыцца нерухомая непраходнасць.
Я чытаю Цянь-Шань, як новы, як Ноевы міф.
У трох знаках (Жаданне, Магчымасць і Неабходнасць)
Бачны зводдалі ў небе скупы іерогліф».
(Пераклад Міколы Мятліцкага.)
«Што мог распавесці
датчанін паэт, —
Мог Баян,
Рудакі мог уздыбіць газель.
Час мінуўся: шапталі, шумелі, крычалі,
Ды ў эпоху Цянь-Шаня хтось скажа пра ўсё.
Я хачу і магу, абавязаны мовіць,
Я люблю — калі вецер між скалаў
Цянь-Шаня.
Толькі ветразі ўсё ж
Напаўняюцца мерна
(Моцна, з мора паўднёвага) усплёскам
Ціхуткім.
Казахі завуць — Ала-тау.
Кіргізы завуць — Ала-тоо!
Хакасы завуць — Алтай!
А Цянь-Шань застаецца — Цянь-Шанем.
І стагоддзямі доўжыцца нерухомая непраходнасць.
Я чытаю Цянь-Шань, як новы, як Ноевы міф.
У трох знаках (Жаданне, Магчымасць і Неабходнасць)
Бачны зводдалі ў небе скупы іерогліф».
(Пераклад Міколы Мятліцкага.)
Некалькі гадоў назад Алжас Сулейменаў быў запрошаны Пасольствам Казахстана ў Беларусі і Саюзам пісьменнікаў Беларусі на творчы вечар у Мінск. Уражальная сустрэча і сёння ў памяці многіх яе ўдзельнікаў.
Мікола Берлеж
Звязда, 4 чэрвеня 2015
Звязда, 4 чэрвеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/1-0/119/31276
Текущая дата: 18.11.2024