Казахстан перакананы ў эфектыўнасці Мытнага саюза - А.Смірноў
Казахстан перакананы ў эфектыўнасці Мытнага саюза. Такі пункт гледжання выказаў сёння на прэс-канферэнцыі пасол Казахстана ў Беларусі Анатоль Смірноў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дыпламатычнай місіі падкрэсліў, што менавіта Казахстан быў адным з ініцыятараў стварэння Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Паводле яго слоў, пытанне стварэння такога саюза ўздымалася Казахстанам яшчэ ў 90-я гады, але не было вырашана.
Цяпер у рамках трох краін - Беларусі, Казахстана і Расіі - гэту задачу ўдалося вырашыць. Мытны саюз адкрывае вялікія перспектывы для маштабнага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, але ўсе пытанні ў рамках саюза будуць вырашацца паэтапна. У прыватнасці, з 1 ліпеня гэтага года ўступае ў сілу Мытны кодэкс і будзе адменена мытнае афармленне, з 2011 года на граніцы Казахстана і Расіі будзе адменены мытны кантроль, з 1 студзеня 2012 года будзе створана Адзіная эканамічная прастора.
Анатоль Смірноў адзначыў, што Еўрасаюзу на стварэнне адзінай эканамічнай прасторы спатрэбілася амаль 50 гадоў, а краіны постсавецкай прасторы з улікам важнасці праблем прыйдуць да гэтага больш хуткімі тэмпамі.
Пасол лічыць, што ў сучасных рэаліях вырашаць пытанні глабальнага характару, дасягнуць станоўчых эканамічных вынікаў і эканамічнага дабрабыту краіны і людзей можна толькі адным спосабам - інтэгруючыся. "Нельга сёння паасобку вырашыць глабальныя праблемы", - сказаў ён.
У Казахстана няма сумненняў наконт лёсу Мытнага саюза. "Казахстан заўсёды падтрымліваў стварэнне Мытнага саюза, і няма сумненняў у тым, што работу ў гэтым плане трэба прадаўжаць", - адзначыў Анатоль Смірноў.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/1-0/277/183
Текущая дата: 23.12.2024