Белорусский портал в Казахстане

План пераходу на экаўпакоўку зацверджаны ў Беларусі



Аб гэтым паведамляе сайт урада.

План мерапрыемстваў па паэтапным зніжэнні выкарыстання палімернай упакоўкі з яе замяшчэннем на экалагічна бяспечную зацверджаны пастановай Савета Міністраў ад 13 студзеня 2020 года нумар 7.

Планам прадугледжана, што пры правядзенні масавых мерапрыемстваў будзе арганізоўвацца раздзельны збор адходаў, у 2020-2021 гадах укарэняць дэпазітную (закладную) сістэму абарачэння спажывецкай упакоўкі. Запланавана павялічыць аб`ёмы вытворчасці экалагічна бяспечнай (у тым ліку папяровай, шкляной, біяраскладальнай) упакоўкі.

МАРГ разам з зацікаўленымі даручана вызначыць пералік аднаразовага пластыкавага посуду, выкарыстанне і продаж якога будуць забаронены ў аб`ектах грамадскага харчавання з 1 студзеня 2021 года.

Акрамя таго, неабходна будзе прадумаць эканамічныя стымулы для пераходу на экаўпакоўку. У 2021 годзе ва ўрад трэба ўнесці праект пастановы, які прадугледжвае паэтапнае абмежаванне максімальнай ёмістасці палімернай тары, што прымяняецца для разліву піва і слабаалкагольных напіткаў, да 1 літра ўключна.

У галіне правядзення навуковых даследаванняў прадугледжваецца рэалізаваць план дзеянняў па стварэнні тэхналогіі і вытворчасці біяраскладальнай упакоўкі з расліннай сыравіны.

Рэспубліканскім органам дзяржкіравання, іншым дзяржарганізацыям, падпарадкаваным ураду, Нацыянальнай акадэміі навук, аблвыканкамам, Мінскаму гарвыканкаму даручана забяспечыць выкананне плана мерапрыемстваў.

Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

14 студзеня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/1/51278
Текущая дата: 28.03.2024