Белорусский портал в Казахстане

Беларусь застанецца прыхільнай да інтэграцыйных працэсаў, але пры дакладным прытрымліванні сваіх інтарэсаў



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 5-га сакавіка на сустрэчы з генеральным сакратаром Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы Станіславам Засем.

"Калі выпаў такі лёс для Беларусі ў гэтым годзе ўзначальваць усе інтэграцыйныя органы, мы будзем рабіць гэта дастойна, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы будзем, як і раней, прыхільныя да інтэграцыйных працэсаў, у тым ліку і ў ваеннай сферы, але пры гэтым будзе дакладна прытрымлівацца нашых інтарэсаў".

Краіны АДКБ у бягучым годзе правядуць некалькі сумесных мерапрыемстваў, каб надаць імпульс барацьбе з выклікамі і пагрозамі калектыўнай бяспецы. Сярод іх антынаркатычная аперацыя "Канал", якая стала ўжо традыцыйнай. Яна пройдзе ў два этапы: сілавікі плануюць перакрыць "паўночны маршрут" паставак наркотыкаў з Афганістана і прыняць меры ў барацьбе з распаўсюджваннем сінтэтычных наркотыкаў. Штабы размесцяцца ў Душанбэ і Санкт-Пецярбургу. Акрамя таго, запланаваны аперацыі па спыненні нелегальнай міграцыі "Нелегал" і па процідзеянні злачынствам у сферы інфармацыйных тэхналогій "Проксі".

Яшчэ некалькі вучэнняў прадугледжана планам сумеснай падрыхтоўкі органаў кіравання і фарміраванняў сіл і сродкаў сістэмы калектыўнай бяспекі. У Арменіі пройдуць камандна-штабное вучэнне "Узаемадзеянне", спецыяльнае вучэнне з сіламі і сродкамі разведкі "Пошук" і спецыяльнае вучэнне з сіламі і сродкамі матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Калектыўных сіл АДКБ "Эшалон". Кыргызстан прыме вучэнне Калектыўных сіл хуткага разгортвання Цэнтральна-Азіяцкага рэгіёна "Рубеж", а Беларусь - камандна-штабное вучэнне з міратворчымі сіламі АДКБ "Непарушнае братэрства". У плане мерапрыемстваў таксама спецыяльнае вучэнне з выратавальнымі падраздзяленнямі МНС і тактыка-спецыяльнае вучэнне "Кобальт" з сіламі спецыяльнага прызначэння.

5 сакавіка 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/1/51940
Текущая дата: 01.06.2020