Белорусский портал в Казахстане

Ціханоўская дамагаецца спынення крэдытавання двух дзяржаўных банкаў



Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская заявіла, што дамагаецца спынення крэдытавання замежнымі банкамі дзяржаўных Беларусбанка і Белаграпрамбанка.

"Мы працуем, каб замежныя банкі спынялі крэдытаваць і супрацоўнічаць з беларускімі, у першую чаргу, дзяржаўнымі - гэта Беларусбанк і Белаграпром (Белаграпрамбанк )", - паведаміла прэс-служба экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі. Таксама Ціханоўская заклікае ЕС абмежаваць закупку нафтапрадуктаў і іншай прадукцыі беларускай вытворчасці, адзначаецца ў паведамленні.

Ціханоўская заявіла, што не выключана адключэнне афіцыйнага Мінска ад міжбанкаўскай сістэмы арганізацыі разлікаў SWIFT. "Абмяркоўваем магчымасць адключэння рэжыму Лукашэнкі ад сістэмы SWIFT", - гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя таго, Ціханоўская распавяла, што ЕС рыхтуецца пашырыць спіс персанальных санкцый. "З мінулага тыдня актыўна працуем над эканамічнымі санкцыямі па бізнесам і дзяржкампаніям, якія кормяць рэжым. Плюс, чакаецца, што краіны ЕС вось-вось пашыраць спіс персанальных санкцый да 200+ прозвішчаў", - пракаментавала Ціханоўская.

Раней ЕС двойчы пашыраў санкцыі супраць беларускіх уладаў. Прозвішча беларускага прэзідэнта і яшчэ 14 імёнаў з`явіліся ў спісе 6 лістапада. Санкцыйнымі мерамі прадугледжана забарона на ўезд на тэрыторыю краін Еўрасаюза і замарозка наяўных у ЕС актываў.

Падчас вялікага інтэрв`ю замежным журналістам прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не мае намеру размаўляць з Ціханоўскай. "Яна загадзя ў Літву адправіла дзяцей. Паехала туды і робіць усё на шкоду Беларусі. Пра што мне з ёй размаўляць? Што мне, у Літву да яе паехаць?" - задаў рытарычнае пытанне беларускі лідар.

Раней Святлана Ціханоўская аб`яўляла беларускім уладам "Народны ультыматум". Умовы, вылучаныя экс-кандыдатам у прэзідэнты, былі наступныя: Лукашэнка павінен пакінуць пасаду прэзідэнта краіны, гвалт на вуліцах павінен быць спынены, палітвязняў неабходна вызваліць з-пад варты. У выпадку невыканання ўмоваў, Ціханоўская паабяцала масавыя пратэсты і нацыянальную забастоўку.

Мінск, 16 лістапада 2020
Sputnik

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/1/57031
Текущая дата: 02.05.2024