Белорусский портал в Казахстане

Рэзалюцыя Еўрапарламента па Беларускай АЭС у чарговы раз прадэманстравала поўнае нежаданне еўрадэпутатаў аб’ектыўна ацаніць міжнародны праект па будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Беларусі



Такое меркаванне выказаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў, паведамілі ў прэс-службе верхняй палаты парламента.

«Не чакаючы высноў каманды еўрапейскіх рэгулятараў аб прымаемых на станцыі мерах бяспекі, еўрадэпутаты дазволілі сабе ўключыць у рэзалюцыю заведама недакладную інфармацыю, падмяніўшы гэтым кампетэнтнае меркаванне профільных міжнародных і еўрапейскіх устаноў — МАГАТЭ і Групы еўрапейскіх рэгулятараў ядзернай бяспекі, надзяліўшы сябе без усялякіх на тое падстаў правам судзіць аб глыбока тэхнічных аспектах у гэтай спецыфічнай сферы», — сказаў Сяргей Рачкоў.

Паводле яго слоў, наўмысна палітызуя пытанне аб будаўніцтве БелАЭС, Еўрапарламент не бачыць галоўнага — Беларусь сваімі паслядоўнымі дзеяннямі дэманструе прыхільнасць палітыцы адкрытага і прафесійнага дыялогу з усімі зацікаўленымі краінамі і профільнымі арганізацыямі для забеспячэння глабальнай ядзернай бяспекі ў цэлым і ўстойлівай эксплуатацыі Беларускай АЭС у прыватнасці. «Упэўнены, што развіццё атамнай энергетыкі ў Беларусі ўнясе значны ўклад у скарачэнне выкідаў парніковых газаў і, адпаведна, у рэалізацыю Парыжскага пагаднення», — дадаў сенатар.

Звязда, 15 лютага 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/1/58327
Текущая дата: 07.05.2024