Белорусский портал в Казахстане

Больш за 50 кампаній абанкруціліся ў Японіі з-за каранавіруса



Пандэмія каранавіруса прывяла да банкруцтва 51 японскай кампаніі. Аб гэтым паведамляе Reuters са спасылкай на дадзеныя даследчыцкай кампаніі Tokyo Shoko Research.

Асноўная частка кампаній, якія абанкруціліся, адносіцца да гасцінічнай і рэстараннай галін. Крызіс закрануў дробных рознічных прадаўцоў і вытворцаў прадуктаў харчавання, якія залежаць ад уязнога турызму.

"З банкруцтвам сутыкаюцца, у прыватнасці, кампаніі, звязаныя са сферамі грамадскага харчавання, рытуальных паслуг, паколькі японцы цяпер устрымліваюцца ад удзелу ў масавых мерапрыемствах", - паведамляюць аўтары даследавання.

Каранавірус уплывае на кампаніі ў розных сектарах эканомікі. У далейшым банкруцтва могуць закрануць не толькі невялікія кампаніі са слабай дзелавой базай, але і вялікія.

Прэм`ер-міністр Японіі Сіндза Абэ 7 красавіка аб`явіў рэжым надзвычайнай сітуацыі ў прэфектурах Токіа, Канагава, Сайтама, Тыба, Осака, Хіёга і Фукуока. 10 красавіка рэжым надзвычайнай сітуацыі быў уведзены ў прэфектуры Айты.

У зоне надзвычайнай сітуацыі, у прыватнасці, закрыты забаўляльныя ўстановы, бары, многія іншыя месцы масавага скопішча людзей. Іх спісы вызначаюць губернатары прэфектур, таму ўмовы выканання рэжыму надзвычайнага становішча адрозніваюцца ў залежнасці ад раёна. Строгі каранцін у Японіі не ўводзіцца, улады толькі просяць людзей максімальна магчымы час знаходзіцца дома.

Паводле апошніх даных, колькасць пацверджаных выпадкаў заражэння COVID-19 у Японіі ўзрасла да 4,7 тыс., з моманту ўспышкі памерлі 85 чалавек.

10 красавіка 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/103/52639
Текущая дата: 27.11.2024