Прагнозы змешчаны ў штомесячным апытанні 69 эканамістаў, якое правёў Bloomberg.
Узровень беспрацоўя ў ЗША ў другім квартале 2020 года з-за эканамічных наступстваў пандэміі ўзрасце да 12,6 працэнта, што стане самым высокім паказчыкам з 1940-х гадоў.
На думку экспертаў, аднаўленне занятасці насельніцтва ў ЗША пасля пандэміі і зняцця ўсіх абмежавальных мер будзе марудным. Прагназуецца, што ўзровень беспрацоўя будзе паступова зніжацца пасля дасягнення піку ў другім квартале, аднак у апошнія тры месяцы 2020 года ён апусціцца толькі да 8,1 працэнта. У 2022 годзе беспрацоўе ў ЗША ў сярэднім складзе 5,4 працэнта, да пачатку пандэміі яно было 3,5 працэнта.
Эканамісты прагназуюць, што ВУП ЗША з красавіка па чэрвень упадзе на 25 працэнтаў у гадавым выражэнні. Эксперты лічаць, што зніжэнне ВУП будзе расцэнена Нацыянальным бюро эканамічных даследаванняў як першая рэцэсія з часоў крызісу 2007-2009 гадоў. У другой палавіне гэтага года амерыканская эканоміка будзе дэманстраваць рост, аднак ён не будзе імклівым, лічаць аналітыкі. У выніку ВУП ЗША ў 2020 годзе знізіцца на 3,3 працэнта, у той час як агульнасусветны ВУП упадзе на 1,5 працэнта. Паводле ацэнак спецыялістаў, эканамічны рост у ЗША не вернецца да ўзроўню канца 2019 года да сярэдзіны 2022-га.
Апытанне Bloomberg праводзілася з 3 па 9 красавіка. У гэты ж перыяд была абнародавана штотыднёвая справаздача, якая паказала, што яшчэ 6,6 млн амерыканцаў звярнуліся за дапамогай па беспрацоўі. Такім чынам, з сярэдзіны сакавіка запыт на такія дапамогі падалі ўжо каля 17 млн амерыканцаў (каля 11 працэнтаў працоўнай сілы ЗША).
10 красавіка 2020, Мінск
БЕЛТА
10 красавіка 2020, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/103/52650
Текущая дата: 27.11.2024