Пра гэта паведамілі ва ўпраўленні камунікацый інжынірынгавага дывізіёна дзяржкарпарацыі "Расатам" (АСЭ).
На першым энергаблоку Беларускай АЭС паспяхова завяршыўся адзін з важнейшых і самы маштабны этап праграмы падрыхтоўкі атамнага аб`екта да ўводу ў эксплуатацыю - гарачая абкатка рэактарнай устаноўкі.
Гарачая абкатка пачалася 11 снежня 2019 года, за гэты час праведзена 242 розныя выпрабаванні. Іх асноўная мэта - пацвярджэнне перад энергетычным пускам энергаблока адпаведнасці сістэм і абсталявання ядзернага вострава праектным характарыстыкам пры рабоце на намінальных параметрах, а таксама пры разагрэве і расхалоджванні рэактарнай устаноўкі.
У час гарачай абкаткі на рабочых параметрах праверана працаздольнасць усіх чатырох галоўных цыркуляцыйных помпаў, прадзіманне ўласнай парай галоўных параправодаў, праверана працаздольнасць сістэм кіравання і аховы рэактарнай устаноўкі і электрасілкавання ўласных патрэб.
Выкананы выпрабаванні галоўных засцерагальных клапанаў парагенератараў, кампенсатара ціску і многія іншыя аперацыі.
"Мы паспяхова завяршылі этап гарачай абкаткі, выканалі ўвесь неабходны аб`ём выпрабаванняў на намінальных параметрах рэактарнай устаноўкі, а таксама ў перыяд яе разагрэву і расхалоджвання. Выпрабаванні паказалі, што ўсё абсталяванне і тэхналагічныя сістэмы энергаблока, задзейнічаныя ў праграме выпрабаванняў, адпавядаюць праектным характарыстыкам", - адзначыў віцэ-прэзідэнт АТ ІК "АСЭ", дырэктар праекта па будаўніцтве Беларускай АЭС Віталь Палянін.
Паўтор шэрага выпрабаванняў прадугледжаны на этапе энергетычнага пуску блока. Наступны этап будаўніцтва ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі энергаблока да фізпуску - рэвізія асноўнага і дапаможнага абсталявання першага і другога контураў энергаблока, завяршыць які плануецца ў сярэдзіне чэрвеня.
Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Генеральным падрадчыкам выступае інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі "Расатам". Увод першага энергаблока запланаваны ў 2020 годзе, другога - у 2021-м.
14 красавіка 2020, Мінск
БЕЛТА
14 красавіка 2020, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/103/52756
Текущая дата: 27.11.2024