Белорусский портал в Казахстане

Беларускай мытні ўдаецца кампенсаваць страты ад падатковага манеўру Расіі



За кошт ПДВ, акцызу, увазных мытных пошлін.

Прэзідэнт Беларуcі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрыя Сянько. У мінулым годзе мытнай службе былі дадзеныя даручэнні аб пошуку механізма кампенсацыі страт з-за падатковага манеўру Расійскай Федэрацыі.

«Прашу звярнуць асаблівую ўвагу на фармаванне даходнай часткі бюджэту. Ці выкананы прагнозныя паказчыкі? — акрэсліў рэчышча дакладу кіраўнік дзяржавы. — І другое пытанне — фармаванне даходнай часткі бюджэту ў плане маіх даручэнняў напрыканцы мінулага года. Вы ведаеце, пра што ідзе размова. Я хацеў бы пачуць, як спрацавала ваша ведамства. Было даручэнне вам, было даручэнне ўраду аб дадатковых даходах рэспубліканскага бюджэту (вам і непасрэдна прэм’ер-міністру Румасу). Што тычыцца прэм’ер-міністра, у бліжэйшы час мы заслухаем яго даклад. А як у нас выконваецца гэта даручэнне датычна Дзяржаўнага мытнага камітэта?».

«Па мытных плацяжах, якія павінны былі паступіць у бюджэт нашай краіны, той прагнозны паказчык, які быў даведзены нам Міністэрствам фінансаў, выкананы на 100,5 працэнтаў», — паведаміў старшыня ДМК. 

Усяго за мінулы год у дзяржбюджэт паступіла больш за 9 мільярдаў 65 мільёнаў рублёў сродкаў, якія кантралюе мытная служба краіны. 

За мінулы год праз мяжу Беларусі было перамешчана 111 мільёнаў тон тавараў. Гэта прыкладна на 3 мільёны менш, чым у 2018 годзе. У асноўным гэта абумоўлена зніжэннем транзіту вугалю з Расіі чыгункай. Пры гэтым агульны транзітны паток пры ўвозе тавараў на тэрыторыю ЕАЭС праз Беларусь вырас на 5,4 працэнта і склаў 17,5 мільёна тон (у тым ліку 11,4 мільёна тон — у Расію). Да 2,3 мільёнаў узрасла і колькасць грузавікоў, якія перасяклі беларускую мяжу. 

70% тавараў, якія афармляюцца на беларускай мяжы, — транзітныя. У сваю чаргу, 80% з іх адпраўляюцца ў Расію альбо з яе. «Хоць мы на 70 працэнтаў працуем на сваіх суседзяў, у інфраструктуру ўкладваем сродкі беларускага бюджэту і міжнароднай тэхнічнай дапамогі. За апошні год яе было прыцягнута на суму ў 23 мільёны еўра. З іх 12 — ад Кітая і 11 — ад Еўрасаюза. Гэта сродкі тэлекамунікацыі і іншая тэхніка, — адзначыў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта.

«Выконваецца даручэнне кіраўніка дзяржавы, звязанае з развіццём інфраструктуры на найбольш запатрабаваных напрамках — заходнім і паўночным. У тым ліку завяршаецца будаўніцтва пункта пропуску „Урбаны“. Яно цалкам фінансуецца з бюджэту. Асвоена 34 мільёны беларускіх рублёў, у першым квартале гэтага года першы пускавы комплекс будзе завершаны. Цяпер ідзе пераразмеркаванне плыняў са старой інфраструктуры на новую, і да канца года нам неабходна будзе дабудаваць рэнтген-комплекс, які будзе пабудаваны за кошт міжнароднай тэхнічнай дапамогі, сродкаў Еўрапейскага саюзу», — праінфармаваў Юрый Сянько. 

Кіраўніку дзяржавы было таксама даложана, што сітуацыя па лініі барацьбы з наркотыкамі застаецца складаная. З амаль чатырох соцень злачынстваў, здзейсненых на мяжы Беларусі, амаль палова былаі звязаная з незаконным абарачэннем псіхатропаў. «Чатыры самыя буйныя партыі — у суме амаль 500 кілаграм наркотыкаў — накіроўваліся ў Расійскую Федэрацыю, але былі знойдзеныя і канфіскаваныя», — дадаў Юрый Сянько.

Аўтар: Вольга Мядзведзева
Звязда, 27 студзеня 2020 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/109/51522
Текущая дата: 27.11.2024