Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі 37,5 працэнта работнікаў атрымліваюць зарплату вышэйшую за Br1 тыс.



Згодна з данымі аб медыяннай заработнай плаце за лістапад 2019 года, 37,5 працэнта работнікаў у Беларусі атрымлівалі зарплату вышэйшую за Br1 тыс., паведамілі ў Белстаце.

Медыянная зарплата - гэта паказчык, які адлюстроўвае суму ў цэнтры зарплатнага рада і падзяляе яго на дзве роўныя часткі (палавіна работнікаў маюць заработак меншы за гэта значэнне, палавіна - большы). Даныя аб медыяннай зарплаце работнікаў у Беларусі па відах эканамічнай дзейнасці публікуюцца двойчы ў год: па выніках за май і за лістапад. Калі ў маі 2019 года яе памер складаў Br802,7, то ў лістападзе - Br848,5.

Не трэба блытаць медыянную зарплату з сярэдняй па краіне. Паказчык намінальнай налічанай сярэдняй зарплаты за лістапад 2019 года, паводле даных Белстата, складаў Br1113,1.

У разрэзе рэгіёнаў самы высокі паказчык медыяннай зарплаты ў сталіцы - Br1087,5 (і самы вялікі разрыў з сярэдняй зарплатай - Br450,2), далей ідуць Мінская вобласць - Br854,8, Брэсцкая - Br790,2, Гродзенская - Br777,7, Гомельская - Br774,7, Магілёўская - Br768,2 (дзе, дарэчы, самы маленькі разрыў паміж медыяннай і сярэдняй зарплатамі - Br153,8) і, нарэшце, Віцебская вобласць з паказчыкам Br757,8.

Размеркаванне колькасці работнікаў па памерах налічанай заработнай платы склалася наступным чынам: да Br300 атрымлівалі 2,1 працэнта работнікаў, ад Br300,1 да Br400 - 7 працэнтаў, ад Br400,1 да Br1000 - 53,4 працэнта. Даволі высокі працэнт - 23,7 працэнта - тых работнікаў, зарплата якіх склала ад Br1000,1 да Br1500. Вышэй за гэту суму, але ў межах Br2000, атрымлівалі 7,9 працэнта работнікаў. Яшчэ больш - да Br3000 - 3,9 працэнта, да Br5000 - 1,3 працэнта, да Br7000 - 0,4 працэнта, да Br10000 - 0,2 працэнта і вышэй за гэту суму - 0,1 працэнта.

Па відах эканамічнай дзейнасці памеры медыяннай зарплаты размяркоўваюцца па велічыні, у асноўным, аналагічна сярэдняй зарплаце. Найбольшыя паказчыкі ў горназдабыўной прамысловасці - Br1795,3, вытворчасці коксу і прадуктаў нафтаперапрацоўкі - Br1640,1, дзейнасці паветранага транспарту - Br1387,9, дзейнасці трубаправоднага транспарту - Br1324,9.

Пры гэтым сферу інфармацыйных тэхналогій і дзейнасць у галіне інфармацыйнага абслугоўвання вызначае больш высокі памер медыяннай зарплаты (Br3245,8), паколькі працэнт тых, хто атрымлівае вышэй за сярэдні памер у гэтай галіне, большы.

Найбольш нізкія паказчыкі ў такіх сферах, як творчасць, спорт, забавы і адпачынак - Br588,6, прадастаўленне іншых відаў паслуг - Br642,8, адукацыя - Br680,2, дзейнасць у сферы адміністрацыйных і дапаможных паслуг - Br681,8, ахова здароўя і сацыяльныя паслугі - Br722,5.

17 студзеня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/110/51344
Текущая дата: 27.11.2024