Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і ЕС на перагаворах па ўступленні ў СГА знялі частку рознагалоссяў у лясной сферы



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.

Пытанні прымянення экспартных мытных пошлін на асобныя віды лесаматэрыялаў абмяркоўваліся ў час перагавораў з Еўрапейскім саюзам па далучэнні Беларусі да СГА, якія адбыліся 25-26 лістапада ў Бруселі (Бельгія). 

Як адзначыў намеснік міністра лясной гаспадаркі Уладзімір Крэч, з моманту пачатку дыялогу па гэтым пытанні бакам удалося зняць рознагалоссі практычна па палавіне спрэчных пазіцый. 

"Цяперашні дыялог, на мой погляд, быў даволі канструктыўным. Мы акрэслілі далейшыя крокі па ўзаемадзеянні і дамовіліся аб чарговым раўндзе перагавораў 17 снежня. Шляхам узаемных уступак мы разлічваем зняць усе рознагалоссі з Еўрапейскім саюзам як з гандлёвым партнёрам", - сказаў ён.

Перагаворы па ўступленні Беларусі ў СГА вядуцца ўжо больш за 20 гадоў. У апошнія гады работа ў гэтым напрамку істотна актывізавана.

Як раней паведамляў пасол па асаблівых даручэннях Міністэрства замежных спраў Беларусі, кіраўнік перагаворнай дэлегацыі па далучэнні Беларусі да Сусветнай гандлёвай арганізацыі Уладзімір Серпікаў, беларускім урадам пастаўлена задача завяршыць перагаворы па ўступленні ў СГА у 2020 годзе. 

"Мы імкнёмся зрабіць гэта да 12-й міністэрскай канферэнцыі СГА ў Нур-Султане, якая пройдзе ў чэрвені 2020 года. Робім усё для вырашэння гэтай маштабнай амбіцыйнай задачы. Самае галоўнае - далучыцца да СГА на ўмовах, якія адпавядаюць нацыянальным інтарэсам", - падкрэсліў ён.

2 снежня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/112/50803
Текущая дата: 27.11.2024