Белорусский портал в Казахстане

Германія зацікаўлена больш інвеставаць у беларускую эканоміку



Германія зацікаўлена ў тым, каб больш інвеставаць у эканоміку Беларусі, а таксама ў больш шырокім доступе для беларускіх кампаній на еўрапейскі рынак.

Размова аб гэтым ішла на сустрэчы старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча з дэлегацыяй Бундэстага ФРГ на чале з кіраўніком германа-беларускай парламенцкай групы дружбы, членам камітэта Бундэстага па эканоміцы і энергетыцы Маркам Хаўптманам.

Міхаіл Мясніковіч лічыць, што двухбаковыя адносіны развіваюцца на добрым узроўні, але іх патэнцыял значна большы. Ён абазначыў рэзервы.

"Неабходна па лініі парламентаў даць пазітыўныя сігналы бізнесу, каб больш актыўна развівалася прамысловая кааперацыя ў розных формах", - заявіў ён.

Сёння ў Беларусі працуе каля 300 прадпрыемстваў з нямецкім капіталам, аднак буйных кампаній сярод іх няшмат. Разам з тым беларуска-нямецкае супрацоўніцтва, уключаючы інвестыцыйнае, становіцца больш інтэнсіўным, адзначыў у сваю чаргу Марк Хаўптман.

"Мы хочам, каб інвестыцыі павялічваліся", - сказаў ён. Нямецкі бок зацікаўлены, каб "аблегчыць шлях беларускіх кампаній у плане экспарту, выхаду на еўрапейскі рынак".

На сустрэчы абмяркоўваўся таксама ўдзел Беларусі і Германіі ў рэалізацыі кітайскай ініцыятывы "Пояс і шлях". Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу на блізкасць поглядаў па гэтым пытанні. У праекце задзейнічаны буйнейшы ў свеце ўнутраны порт у горадзе Дуйсбург, якім кіруе нямецкая кампанія Duisburger Hafen, адзін з акцыянераў СЗАТ "Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка" (кіруючая кампанія Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень").

Германія разлічвае на тое, што таварапатокі будуць ісці праз Беларусь. Яшчэ адзін перспектыўны, на думку Міхаіла Мясніковіча, напрамак, - гэта міжрэгіянальнае супрацоўніцтва.

"Можна было б актывізаваць супрацоўніцтва на ўзроўні рэгіёнаў Беларусі і зямель Германіі", - лічыць старшыня Савета Рэспублікі.

Размова на сустрэчы ішла таксама аб актывізацыі міжпарламенцкіх кантактаў, рэгулярнасць якіх паслужыць пазітыўным сігналам для бізнесу, аб супрацоўніцтве ў моладзевай палітыцы. Міхаіл Мясніковіч прапанаваў актывізаваць студэнцкія і навуковыя абмены.

Марк Хаўптман салідарны з Міхаілам Мясніковічам у неабходнасці актывізаваць міжрэгіянальнае і маладзёжнае супрацоўніцтва. Ён лічыць, што ў цэлым у Беларусі і Германіі шмат сфер, у якіх можна паглыбіць і развіць адносіны. У іх ліку ІТ, дзе нямецкі бок хацеў бы шырэй супрацоўнічаць з ПВТ.

"Цалкам магчымы аўтсорсінг і перадача заказаў, паколькі ёсць інфраструктура, падрыхтаваныя спецыялісты", - растлумачыў ён.
__________________________________

Германія - адзін з вядучых знешнегандлёвых партнёраў Беларусі. У 2018 годзе яна заняла пятае месца па аб`ёме тавараабароту, які склаў $3,3 млрд (116 працэнтаў да 2017 года). У студзені-красавіку 2019 года ён дасягнуў $975,2 млн. Яна традыцыйна ўваходзіць у пяцёрку краін - найбольш буйных інвестараў у эканоміку Беларусі. У 2018 годзе ў краіну прыцягнута $363,7 млн нямецкіх інвестыцый (у тым ліку прамых - $113,7 млн, прамых на чыстай аснове - $66,1 млн). У студзені-сакавіку 2019 года аб`ём германскіх інвестыцый у беларускую эканоміку склаў $47,8 млн, у тым ліку прамых - $45,4 млн, прамых на чыстай аснове - $37,4 млн.

21 чэрвеня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/125/48509
Текущая дата: 27.11.2024