Маштабная сельскагаспадарчая выстаўка завяршаецца заўтра ў Мінску.
Ад зярнятка да суперкамбайнаў
Ад МКАДа да Шчомысліцы, дзе ўжо не першы год разгортваецца «Белагра-2019», рукой падаць. Сёлета на гэтым невялічкім адрэзку паміж мегаполісам і вёскай разгарнулася інавацыйная экспазіцыя «Экперыментальнае поле». Хоць калі казаць больш дакладна, то з`явілася яно яшчэ ў верасні 2018-га — падчас сяўбы.
Ад МКАДа да Шчомысліцы, дзе ўжо не першы год разгортваецца «Белагра-2019», рукой падаць. Сёлета на гэтым невялічкім адрэзку паміж мегаполісам і вёскай разгарнулася інавацыйная экспазіцыя «Экперыментальнае поле». Хоць калі казаць больш дакладна, то з`явілася яно яшчэ ў верасні 2018-га — падчас сяўбы.
Так Навукова-практычны цэнтр па земляробстве НАН Беларусі прадставіў эксперыментальныя сарты азімай пшаніцы, жыта і ячменю. Усяго ў скарбонцы распрацовак беларускіх вучоных каля чатырох соцень збожжавых, зернебабовых, крупяных, тэхнічных культур і шматгадовых траў. Яны займаюць каля 80% сельскагаспадарчых палёў краіны, а таксама 2,5 мільёна гектараў у найбліжэйшай суседкі — Расіі. «Эксперыментальнае поле» было створана, у першую чаргу, для гасцей выстаўкі, якія прыехалі здалёк і ў будучым могуць стаць новымі партнёрамі Беларусі. Супрацоўнікі Акадэміі навук вырашылі заваёўваць давер не словам, а справай: вось, глядзіце, рэальны вынік нашай працы.
Ход цікавы і ўражвае не толькі спецыялістаў, але і звычайных наведвальнікаў накшталт мяне. Пакуль ад прыпынку да ўваходу на выстаўку дойдзеш, дакладна настроішся на сельскагаспадарчы лад і парадуешся за добры ўраджай.
А дзе ёсць збожжа, там павінна быць і добрая тэхніка. На адкрытай пляцоўцы «Белагра» машынам па традыцыі цесна. Сотні ўзораў сельгастэхнікі быццам з`ехаліся пагрэцца пад чэрвеньскім сонейкам у чаканні ўборкі. Хочаш — лезь у кабіну гомельскага суперкамбайна «Палессе GS2124», хочаш — кіруй падмаскоўным прамысловым дронам для апрацоўкі палёў хімікатамі. Публіка з цікавасцю ўспрыняла навінку ад Мінскага аўтамабільнага завода — самазвал для перавозкі збожжа. Вялікі (даўжыня машыны амаль дзесяць метраў, вышыня — каля трох з паловай) і дужы (можа перавозіць да 19 тон і пры гэтым цягнуць прычэп).
Чорнай ікры па-беларуску не жадаеце?
У спякоту так і хочацца нырнуць у шматлікія басейны, якія на выстаўку прывезлі рыбгасы з усёй краіны. Праўда, месца там ужо занятае. Фарэль, шчупакі, карпы... А між імі — дзіва! —вялізная рыбіна з доўгай «дзюбай», як у качкі.
— Гэта вісланос, — тлумачыць намеснік дырэктара вопытнага рыбгаса «Сялец» Сяргей Стэльмашук, заўважыўшы мае поўныя здзіўлення вочы. — Прывезлі восем гадоў таму па дзяржпраграме з Амерыкі. Выгадная прамысловая рыба: корміцца планктонам, хутка расце і дае чорную ікру. Аднак, каб атрымаць паўнавартаснае патомства, трэба чакаць 12 гадоў. А вось «беларускую» бялугу, якая таксама разводзіцца толькі ў рыбгасах, ужо можна пакаштаваць.
Насупраць воднага царства размясціўся жывёльны свет: коні, каровы, авечкі, козы.
— Зусім як я ў вечар пятніцы, — з усмешкай кажа мінчанка Аліна Іванец, тыкаючы пальчыкам на сонную свінню.
Дзяцей не адцягнуць ад двух дзясяткаў парсючкоў, якія, павіскваючы, топчуцца каля свінаматак. Гладзяць, чэшуць за вушкам і просяць бацькоў «завесці дома такую ж дзюдзю». Усё гэта нагадвае кантактны заапарк, толькі ў якім замест янотаў і шыншыл — тое, што яшчэ сто гадоў таму было амаль у кожнага паважаючага сябе беларуса. «Гарадскія!» — што тут яшчэ сказаць. Я, хоць і сама даўно жыву ў сталіцы, пытаюся ў жывёлаводаў: парсючкоў якой пароды лепш бацькам у вёску прыдбаць?
— А вось нашы — беларуская мясная, беларуская буйная белая і беларуская чорна-пярэстая. Выбар залежыць ад таго, хочацца вам больш сала ці мяса. Але ўсе тры — добры варыянт і для хатніх каўбас, і для катлет. Разводзім мы яшчэ і замежныя пароды — ландрасы, ёркшыры...
— Не-не, чужога неяк не хочацца, — перабіваю на паўслове Алену Яновіч з Навукова-практычнага цэнтра па жывёлагадоўлі НАН Беларусі і тлумачу: — Узялі мы неяк гэтых ландрасаў. Дык у іх жа шкура «дубовая»: ні пачысціць, ні з`есці і нават ад сала не аддзяліць. Дзякуй, але нам толькі сваё падавайце.
Разам з тым сельская гаспадарка — гэта не толькі пра ежу. Пакуль малыя забаўляюцца з парасяткамі і трусамі, а мужчыны прыцэньваюцца да рыбы, жанчын можна знайсці каля стэнда з норкамі. Такога звера жывым не пагладзіш, хоць ён і здаецца надзвычай мілым.
— Сёння норак у Беларусі разводзяць выключна на футра. У асартыменце — 11 колераў, — расказвае дырэктар Маладзечанскай зверагаспадаркі Белкаапсаюза Таццяна Адаміна. — Адна скурка нашай вытворчасці абыдзецца ў суму каля 45 рублёў (з улікам і НДВ і вырабу), жаночае футра сярэдняй даўжыні каштуе ў сярэднім 1600 рублёў.
У палатцы з курамі таксама шмат жанчын.
— Нясушкі і бройлеры ў мяне ёсць. Хачу што-небудзь прыгожае, — кажа маладая гаспадыня, якая прыехала на выстаўку спецыяльна па «экзотыку для вясковага куратніка».
Ёй тут жа прапаноўваюць прыгледзецца да пароды «Мільфлер», якую можна нават у доме трымаць замест папугая. Ганарлівыя і яркія — у суседзяў такіх дакладна не будзе!
Непадалёк на гасцей выстаўкі сумнымі вачыма пазіраюць авечкі, быццам просяцца дадому — на Віцебскае племпрадпрыемства.
— Знакамітая раманаўская парода. З`явілася ў Яраслаўлі яшчэ пры Пятры І — на ежу і вопратку. Раней жа як было: летам мужыкі выходзяць касіць, а ім трэба з сабой мяса ці сала даць на абед. Халадзільнікаў няма. Таму і трымалі авечак. Адну заб`еш — сям`я на тыдзень-другі ежай забяспечана, можна яшчэ і футра з аўчыны зрабіць, — робіць гістарычны экскурс начальнік племаддзела Віцебскага племпрадпрыемства Канстанцін Вараб`ёў. — Цяпер у Беларусі для гэтай жывёлы становішча сапраўды не самае завіднае. Не так проста збыць воўну. Якасная і цёплая, а попыту няма. Хоць бяры і выкідвай. Тое ж самае датычыцца і скур, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці абутку.
Айчынная авечая скурка каштуе ўсяго каля трох рублёў, у той час як кітайскія — каля васьмі. Тым не меней адзін з найбуйнейшых вытворцаў скуранога абутку краіны працуе менавіта з усходнімі пастаўшчыкамі, грэбуючы беларускім прадуктам.
— З іншага боку, прыватнікі — у хатнюю гаспадарку ці для невялічкіх фермаў — авечак і баранчыкаў набываюць. Нават тут, на выстаўцы, ахвотна робяць замовы. З кожным годам цікавасць да жывёлы пакрысе вяртаецца.
Як усё пачыналася
Першая Усебеларуская выстаўка сельскай гаспадаркі і прамысловасці адкрылася ў сталіцы 10 жніўня 1930 года і працягвалася аж да лістапада!
75 гектараў, 35 павільёнаў і сотні тысяч наведвальнікаў. Гэта было мерапрыемства нават не рэспубліканскага, а ўсесаюзнага маштабу, бо ВДНГ у Маскве з`явілася толькі праз дзевяць гадоў.
За месяц да выстаўкі «Звязда» пісала пра тое, што «нягледзячы на прароцтвы розных ныцікаў і малавераў, выстаўка адкрыецца ў вызначаны тэрмін». Паколькі «тэрмінова абсталёўваецца павільён маслазавода і заліваецца фундамент пад сіласную вежу», а «ў пададдзел паляўніцтва дастаўлены мядзведзь, воўк, лісы, арлы, філіны, выдра і інш.» Ці нават такое: «камплект абсталявання для механічнай падачы кармоў і вывазкі гною з павільёнаў жывёлагадоўлі заказаны ў Амерыцы і знаходзіцца зараз у дарозе». Газета сведчыла, што спецыяльна да выстаўкі прадоўжылі трамвайную лінію.
Па сутнасці дзеля мерапрыемства ў 1930-м з`явіўся «новы культурны асяродак горада Мінска з грандыёзным будаўніцтвам, пачынаючы ад будынкаў клінікі і да самай выстаўкі». Сапраўды былі ўзведзеныя дзясяткі драўляных і каменных павільёнаў, выставачных зал, сталовых і г. д. На выстаўцы працавала 15 аддзелаў: 10 сельскагаспадарчых і 5 — прамысловага сектара (гэта прытым, што да 1939-га палова краіны знаходзілася ў складзе Польшчы). Цікава, што менавіта тут у павільёне «Дзяржбуда» наведвальнікі маглі ўбачыць, як будзе выглядаць будучы Дом урада (яго ўвялі ў эксплуатацыю ў 1934 годзе). А лозунг выстаўкі: «Мінімум штучнасці і максімум натуральнасці» сведчыць, што нават у час «без пестыцыдаў і нітратаў» стаяла пытанне якасці аграпрадукцыі.
Сучасным арганізатарам «Белагра», безумоўна, ёсць чаму павучыцца ў сваіх папярэднікаў. Так, у 1930-м на выстаўцы працавала тры сотні «тлумачоў» — студэнтаў сельскагаспадарчай акадэміі, ветінстытута і розных сталічных універсітэтаў, якія вадзілі бясплатныя экскурсіі. Гэтага дужа не хапае і ў наш час. Звычайнаму наведвальніку, які, умоўна кажучы, зайшоў на выстаўку з вуліцы, надзвычай цяжка разабрацца, што там і дзе. Бо змяшаліся ў кучу «коні, людзі і трактары», а растлумачыць, дзе і што, няма каму.
Аўтар: Ганна Курак
Звязда, 8 чэрвеня 2019
Звязда, 8 чэрвеня 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/127/48268
Текущая дата: 27.11.2024