Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі скарэктавана дзяржаўная праграма "Энергазберажэнне" на 2016-2020 гады



Змяненні ў праграму ўнесены пастановай Савета Міністраў нумар 276 ад 3 мая 2019 года, якая 15 мая афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Як растлумачылі ў Дэпартаменце па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту, у прыватнасці, удакладнены аб`ёмы фінансавання з мясцовага бюджэту мерапрыемстваў па будаўніцтве энергакрыніц на мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсах (ПЭР) па Віцебскай і Магілёўскай абласцях, запланаваныя на 2019 і 2020 гады.

"Таксама ўнесены змяненні ў пералік энергакрыніц на мясцовых ПЭР, уводзімых у эксплуатацыю ў 2016-2020 гадах. Прадугледжваецца, што да канца тэрміну рэалізацыі дзяржпраграмы іх у Беларусі будзе ўведзена 150, а не 136, як было запланавана раней. У пералік уключаны 28 новых энергакрыніц агульнай магутнасцю 179,3 МВт. Разам з тым 14 энергакрыніц агульнай магутнасцю 49,5 МВт выключаны па прапановах аблвыканкамаў. Гэта звязана ў асноўным з адсутнасцю крыніц фінансавання, а таксама з тым, што распрацаваная перадпраектная дакументацыя па некаторых аб`ектах паказала немэтазгоднасць будаўніцтва", - удакладнілі ў дэпартаменце.

Згодна з дакументам, з 2019 на 2020 год пераносяцца тэрміны ўводу энергакрыніц на мясцовых ПЭР магутнасцю 93,0 МВт, будаўніцтва якіх прадугледжана за кошт сродкаў новага праекта "Пашырэнне ўстойлівага энергакарыстання", што рэалізуецца з прыцягненнем пазык Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця і Еўрапейскага інвестыцыйнага банка. Гэта звязана з тым, што фінансаванне па гэтым праекце, як чакаецца, будзе адкрыта толькі ў канцы бягучага года. З 2020 на 2019 год пераносяцца тэрміны па шэрагу энергакрыніц у Віцебскай вобласці.

Зменены мэтавыя паказчыкі па долі мясцовых ПЭР у кацельна-пячным паліве (КПП), у тым ліку аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ) у КПП на бягучы і 2020 гады. Для большасці аблвыканкамаў паказчыкі па долі мясцовых ПЭР у КПП, у тым ліку АКЭ ў КПП на 2019 і 2020 гады павялічаны ў сувязі з унясеннем вышэйназваных змяненняў у пералік, а для Брэсцкага і Віцебскага аблвыканкамаў зніжаны.

Зменшаны паказчыкі па долі мясцовых ПЭР у КПП, у тым ліку АКЭ ў КПП на 2019 год для Мінбудархітэктуры. Гэта звязана з пераносам тэрміну рэалізацыі праекта па будаўніцтве тэхналагічнай лініі для выкарыстання RDF-паліва пры вытворчасці клінкеру сухім спосабам у філіяле нумар 1 "Цэментны завод" ААТ "Краснасельскбудматэрыялы".

Для Міністэрства аховы здароўя змяншэнне паказчыкаў па долі мясцовых ПЭР у КПП, у тым ліку АКЭ ў КПП на гэтыя два гады абумоўлена змяненнем структуры ўваходзячых у яго склад арганізацый.

БЕЛТА, 15 мая 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/129/48021
Текущая дата: 27.11.2024