Белорусский портал в Казахстане

Беларусь прэзентуе ўзоры ваеннай прадукцыі на выставе IDEX-2019 у ААЭ



Пра гэта паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта.

Беларусь прэзентуе сучасныя і перспектыўныя ўзоры прадукцыі ваеннага прызначэння на 14-й міжнароднай выставе ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі IDEX-2019, якая пройдзе 17—21 лютага ў Абу-Дабі (ААЭ).

Беларускую дэлегацыю ўзначаліць старшыня камітэта Раман Галоўчанка. Плануецца правесці сустрэчы і перамовы з кіраўніцтвам узброеных сіл ААЭ і Саудаўскай Аравіі, ваеннай прамысловасці Егіпта, а таксама кампаній шэрагу замежных дзяржаў "па пытаннях рэалізацыі наяўных і перспектыўных праектаў у галіне ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва".

Беларускую экспазіцыю складуць інавацыйныя распрацоўкі ў галіне аўтаматызаваных сістэм кіравання войскамі аператыўнага ўзроўню і зброяй у тактычным звяне, сродкаў агнявога паражэння, робататэхнікі паветранага базавання, аптычнага і оптыка-электроннага прыборабудавання, перадавыя распрацоўкі сістэм радыёлакацыі і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, у тым ліку з беспілотнымі лятальнымі апаратамі, а таксама сістэмы і сродкі сувязі, шматмэтавыя сродкі рухомасці, у тым ліку колавая і гусенічная лёгкабранаваня тэхніка.

У якасці калектыўнага арганізатара беларускай экспазіцыі традыцыйна выступіць ЗАТ "Белтэхэкспарт". Мінскі завод колавых цягачоў на адкрытай выставачнай плошчы прэзентуе танкатранспарцёр "МЗКЦ-741351" плюс "МЗКЦ-999421" з баявымі машынамі (танк Leclerc і БМП-3). Канструктарскае бюро "Дысплей" пакажа новыя распрацоўкі баявых модуляў серыі "АДУНОК". Навінкі сістэм і сродкаў сувязі — радыёрэлейную станцыю "Сасна-2" і станцыю трапасфернай сувязі "Гарызонт" — прадэманструе ААТ "АГАТ-сістэмы кіравання" — кампанія-кіраўнік холдынгу "Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання".

Холдынг "БелОМА" прадэманструе перспектыўную распрацоўку — оптыка-электронны і радыёлакацыйны комплекс кантролю наземнай і паветранай абстаноўкі Zorki, які дазваляе выяўляць невялікія беспілотнікі на далёкасці прыблізна тры кіламетры.

"Удзел беларускіх прадпрыемстваў у 14-й міжнароднай выставе ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі IDEX-2019 з`яўляецца важным звяном сістэмы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і ААЭ і не толькі стварае спрыяльныя ўмовы для далейшага развіцця беларуска-эмірацкага ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, але і пазітыўна адаб`ецца на пашырэнні дзелавых кантактаў, у тым ліку з краінамі Савета супрацоўніцтва арабскіх дзяржаў Персідскага заліва", — адзначылі ў прэс-службе Дзяржкамваенпрама.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 15 лютага 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/135/46854
Текущая дата: 28.11.2024