На першым блоку атамнай станцыі ў Астраўцы пачаўся мантаж унутрыкорпусных прылад ядзернага рэактара.
Спецыялісты пачалі мантаж унутрыкорпусных прылад на першым энергаблоку Беларускай атамнай станцыі ў Астраўцы, паведамілі ў прэс-службе расійскай дзяржкарпарацыі "Расатам".
Кантролю мала не бывае
Усе работы выконваюцца ў рамках этапу кантрольнай зборкі рэактара. Прычым першая такая зборка праводзілася на заводзе, дзе ён быў выраблены.
"Кантрольная зборка рэактара - гэта рэгламентная аперацыя ў працэсе збудавання любога атамнага аб`екта. Мэта дадзенай аперацыі - пацвердзіць адпаведнасць абсталявання рэактарнай устаноўкі праектным характарыстыкам", - распавёў віцэ-прэзідэнт - дырэктар праекта па ўзвядзенні БелАЭС АТ ІЧ "АСЭ" Віталь Палянін.
Другая зборка ажыццяўляецца ў дадзены момант. Акрамя гэтага будзе праводзіцца і рэвізія ўсяго абсталявання, а сам рэактар пасля збяруць у трэці раз.
"У агульнай складанасці да моманту загрузкі паліва рэактар збіраецца тройчы, і гэта дазваляе забяспечыць бяспечную працу рэактарнай устаноўкі ў перыяд эксплуатацыі", - растлумачыў дырэктар праекта па ўзвядзенні БелАЭС.
Ядзернае паліва на падыходзе
У хуткім часе ў рэактар першага энергаблока БелАЭС усталююць унутрыкорпусную шахту, выгарадку і блок ахоўных труб. Услед за гэтым будуць правераны зазоры абсталявання на прадмет адпаведнасці параметрам, закладзеным у праекце. Наступным этапам стане загрузка імітатара цеплавыдзяляльных зборак.
Раней прадстаўнікі Новасібірскага завода хімічных канцэнтратаў распавялі, што ядзернае паліва для БелАЭС будзе пастаўлена да канца бягучага года - 180 паліўных касет, з якіх 163 выкарыстоўваюць для пачатковай загрузкі, а яшчэ 17 будуць у рэзерве. Адна касета - гэта адна цеплавыдзяляльная зборка з ядзерным палівам.
Мінск, 21 лістапада 2018
Sputnik
Sputnik
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/141/45701
Текущая дата: 28.11.2024