Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі вітае развіццё супрацоўніцтва з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам і рэалізацыю праектаў у розных сферах



Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага інвестыцыйнага банка Аляксандрам Стубам.

"Наша сустрэча з вамі фактычна азначае новы этап у развіцці адносін з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам. Гэта гістарычны момант. Мы пераадолелі нямала бар`ераў, нямала было неразумення з двух бакоў, асабліва з заходняга боку. Сёння і Еўропа, і ўвесь заходні свет пераканаліся ў тым, што з Беларуссю можна мець справу, што Беларусь - гэта надзейны партнёр, асабліва ў сферы гандлёва-эканамічных, фінансавых адносін", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што падпісанне пагадненняў з ЕІБ аб інвесціраванні праектаў, накіраваных на развіццё Беларусі, пацвярджае тое, што недастатковае разуменне паміж бакамі пераадолена.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што цяпер Беларусь вядзе работу з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам па крэдытах прыкладна на паўмільярда еўра. Ён падкрэсліў, што гэта значная сума і ўмовы выдачы крэдытаў прымальныя для краіны.

"Мы дасканала адбіраем праекты для інвеставання. Тое, што вы дапамагаеце праектам, звязаным з нашымі людзьмі, - жыллём, водаадвядзеннем, забеспячэннем вадой, інфраструктурай і дарогамі - вельмі важна для нас, і мы будзем надзейнымі партнёрамі ў гэтым плане", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да Аляксандра Стубы з просьбай аб садзейнічанні ў развіцці супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Фінляндыяй, паколькі цяперашні віцэ-прэзідэнт ЕІБ займаў розныя высокія пасады ў гэтай краіне.

"Я вас вельмі папрасіў бы дапамагчы ўстанавіць цесныя адносіны з Фінляндыяй. Гэта прыкладна такая ж, як Беларусь, краіна па тэрыторыі. Гэта краіна, якая мае высокія тэхналогіі", - адзначыў Прэзідэнт. Ён таксама падкрэсліў падабенства эканомік дзвюх краін і важнасць развіцця супрацоўніцтва на тэхналагічным узроўні.

Напярэдадні ЕІБ падпісаў з Беларуссю першыя пагадненні на 160 млн еўра. Гэтыя дакументы сталі практычнай рэалізацыяй рамачнага пагаднення Беларусі з банкам, заключанага ў 2017 годзе.

Дагавор аб фінансаванні паміж Беларуссю і ЕІБ прадугледжвае накіраванне сродкаў на рэканструкцыю Мінскай ачышчальнай станцыі. Суфінансаваць праект будзе Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. Яшчэ два крэдытныя пагадненні заключаны з Беларусбанкам і Белаграпрамбанкам, якія накіруюць гэтыя сродкі на падтрымку малога і сярэдняга бізнесу.

Для Беларусі ўяўляецца перспектыўным супрацоўніцтва з банкам таксама па такіх напрамках, як рэалізацыя інфраструктурных праектаў у сферы рэканструкцыі дарог, павышэнне эфектыўнасці энергакарыстання, правядзенне навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ, экалагізацыя вытворчасцей, лічбавая трансфармацыя.

Усяго інвестыцыі ЕІБ у Беларусь у 2018-2019 гадах могуць скласці амаль 420 млн еўра. У час пашырэння дзейнасці ЕІБ у Беларусі разглядаецца варыянт адкрыцця офіса ЕІБ у краіне.

Еўрапейскі інвестыцыйны банк - дзяржаўная фінансава-крэдытная ўстанова Еўрасаюза, якая прадастаўляе доўгатэрміновае фінансаванне, тэхнічныя веды і вопыт для рэалізацыі абгрунтаваных і жыццяздольных праектаў не толькі ў Еўропе, але і за яе межамі. Уласнікамі банка выступаюць 28 дзяржаў - членаў ЕС.

Паводле ацэнак міжнародных фінансавых інстытутаў, ЕІБ з`яўляецца буйнейшым шматбаковым крэдыторам і пазычальнікам у свеце. Штаб-кватэра банка размешчана ў Люксембургу, сетка банка налічвае больш за 40 мясцовых аддзяленняў.

21 лістапада 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/141/45756
Текущая дата: 28.11.2024