Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі лічыць, што еўрапейскім элітам і бізнесу трэба звярнуць больш пільную ўвагу на інтэнсіфікацыю ўсіх складнікаў супрацоўніцтва з Беларуссю



Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў 31-га кастрычніка на адкрыцці сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.

"Мы імкнёмся да таго, каб Еўрасаюз стаў адной з апор знешняга гандлю Беларусі, супастаўнай з Расіяй і Еўразійскім эканамічным саюзам. Інтэнсіўнае крэдытна-інвестыцыйнае супрацоўніцтва, садзейнічанне далейшай мадэрнізацыі нашага прамысловага і аграрнага комплексаў - вось тое, што нам трэба для ўмацавання суверэнітэту і незалежнасці", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што Беларусь забяспечвае надзейны, бесперабойны транзіт энерганосьбітаў. Акрамя таго, праз краіну штогод праходзіць больш за 100 млн т розных грузаў. 

"І мы ніколі не стваралі праблем для заходніх партнёраў, і не створым іх", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.Пры гэтым ён звярнуў увагу на наяўнасць значных бар`ераў у гандлі з Еўрасаюзам. "А гэта ж аснова бяспекі - менавіта эканоміка, сацыяльна-эканамічныя пытанні параджаюць нестабільнасць", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Беларусь шмат што робіць для Еўрасаюза ў сферы бяспекі, створаны эфектыўны заслон на шляху нелегальнай міграцыі. 

"Нават мыш не прапаўзе праз нашы граніцы да вас. А калі б яшчэ прыстойна да нас ставіліся, то і муха не праляцела б, - вобразна выказаўся Аляксандр Лукашэнка. - І гэта мы робім за свой кошт - абараняем вас ад патоку мігрантаў". 

Прэзідэнт дадаў, што Беларусь таксама актыўна процідзейнічае наркатрафіку, крыміналу, прадухіляе перамяшчэнне праз граніцу ў тым ліку радыеактыўных матэрыялаў.

"Пры гэтым мы не прэтэндуем на членства ў Еўрасаюзе і ідзём да еўрапейцаў не з працягнутай рукой. Нам заўсёды ёсць што прапанаваць партнёрам", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

31 кастрычніка 2018, Мінск 
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/142/45495
Текущая дата: 28.11.2024