Пра гэта паведаміў 22 верасня Сяргей Алонцаў, старшы віцэ-прэзідэнт па збудаванні станцыі інжынірынгавай кампаніі "АСЭ", якое ўваходзіць у карпарацыю "Расатам".
"На дадзены момант на першым энергаблоку Беларускай АЭС завяршаюцца аперацыі па праліву актыўных сістэм бяспекі на адкрыты рэактар: завершаны праліў на трэці канал бяспекі, найбліжэйшым часам спецыялісты пачнуць праліў на чацвёрты канал бяспекі. Да 15 кастрычніка дадзеныя работы будуць завершаны", — цытуе Алонцава ТАСС.
Пасля гэтага, дадаў ён, на першым энергаблоку пачнуцца работы па зборцы рэактара і ўнутрыкорпусных прылад.
Паводле слоў Алонцава, у канцы верасня спецыялісты пададуць напружанне на ўласныя патрэбы станцыі на камплектнае размеркавальнае ўстройства. Падача напружання на ўласныя патрэбы па пастаяннай схеме — адна з важных ключавых падзей у будаўніцтве станцыі, бо дазваляе перайсці да паўнамаштабных пусканаладачных работ, адзначыў старшы віцэ-прэзідэнт.
Як раней паведаміла прэс-служба прэзідэнта Беларусі, на беларуска-расійскіх перамовах у Сочы 21 верасня з удзелам кіраўнікоў дзвюх дзяржаў абмяркоўвалася пытанне аб падаўжэнні тэрміну вяртання крэдыту на будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі і зніжэння працэнтнай стаўкі. "Мы таксама абмеркавалі пытанне аб падаўжэнні тэрміну вяртання крэдыту на будаўніцтва атамнай станцыі і зніжэння працэнтнай стаўкі", — сказаў Лукашэнка па выніках перагавораў у Сочы, якія доўжыліся больш за шэсць гадзін.
Лукашэнка растлумачыў, што беларускі бок гэта матывуе тым, што тэрміны па будаўніцтве расійскім бокам парушаны. "Пакуль адкладаецца запуск першага блока аж на год. Баюся, як мяне інфармуюць кантралёры, што, можа быць, Расія папросіць яшчэ зрушэння гэтага тэрміну, што ўжо наогул недапушчальна. І калі тэрміны былі сарваныя (мы, вядома, не хочам ісці ў суды, судзіцца, як гэта па дагаворы), мы дамовіліся аб тым, што тэрмін вяртання крэдыту трэба падоўжыць. І працэнтная стаўка павінна быць не горшая, чым для іншых дзяржаў. Напрыклад, Арменіі, Бангладэш, Венгрыі і гэтак далей", — адзначыў беларускі кіраўнік.
"Гэта прыкладна да 3% (аб зніжэнні стаўкі па крэдыце). Непрыняцця ніякага. Трэба проста дапрацаваць гэтае пытанне. І я думаю, што мы можам вырашыць гэтае пытанне ў тым ключы, у якім я сказаў", — дадаў Лукашэнка.
Беларуская АЭС ўзводзіцца пад Астраўцом (Гродзенская вобласць) за кошт крэдыту Расіі. Крэдытная лінія на суму да 10 млрд долараў на будаўніцтва БелАЭС адкрыта да 2035 года. Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў лістападзе 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га.
БелаПАН
Мінск, 22 верасня 2018
Мінск, 22 верасня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/145/45039
Текущая дата: 28.11.2024