Белорусский портал в Казахстане

Традыцыйныя галіны эканомікі Беларусі трэба зрабіць больш успрыімлівымі да інавацый



Аб гэтым заявіў 29-га чэрвеня прэм`ер-міністр Андрэй Кабякоў, выступаючы на рэспубліканскім семінары па лічбавай эканоміцы.

"Падпісаны ў канцы мінулага года дэкрэт аб развіцці лічбавай эканомікі стварыў беспрэцэдэнтныя для нашай краіны прававыя ўмовы для работы ІТ-сферы. І мы разлічваем, што апрабацыя шэрага заканадаўчых норм на базе Парка высокіх тэхналогій дасць магчымасць у будучым паспяхова перанесці гэты вопыт на эканоміку ў цэлым. ІТ-сфера, тэлекамунікацыі, сувязь - толькі малая частка той эканомікі, якую нам давядзецца пераўтварыць у адпаведнасці з тэхналагічнымі патрабаваннямі сучаснасці. Перад намі стаіць амбіцыйная і складаная задача - зрабіць успрыімлівымі да інавацый традыцыйныя галіны: ахову здароўя, гандаль, прамысловасць, сельскую гаспадарку, транспартную сістэму", - заявіў кіраўнік урада.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што ў бягучай пяцігодцы ў краіне трэба вырашыць 12 ключавых задач, сярод якіх стварэнне адной з самых сучасных інфраструктур тэлекамунікацый ва Усходняй Еўропе; стварэнне паўнацэннага электроннага ўрада; укараненне сістэмы "разумны дом" як стандарту для новых дамоў і кватэр; максімальнае ўкараненне ва ўсе галіны эканомікі тэхналогій збору і апрацоўкі масіваў даных; вывучэнне магчымасцей выкарыстання найноўшых тэхналогій перадачы і захоўвання інфармацыі ў банкаўскай сферы, дзяржаўным кіраванні, натарыяце.

Акрамя таго, плануецца вырашыць такія задачы, як развіццё электроннага гандлю, а таксама выкарыстанне вядучых сусветных і рэгіянальных плацежных сістэм; аснашчэнне ўсіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі краіны высакаскорасным бесправадным інтэрнэтам і шырокае выкарыстанне электронных сродкаў навучання; стварэнне аўтаматызаваных сістэм маніторынгу і кіравання станам транспартнай інфраструктуры, укараненне інтэлектуальных комплексаў рэгулявання дарожнага руху, сістэм уліку паліўных рэсурсаў у транспартнай сферы; укараненне аўтаномных вытворчых комплексаў, сістэм кіравання на аснове канцэпцыі "інтэрнэт рэчаў", тэхналогій трохмернага друку, правядзенне поўнай лічбавай інтэграцыі інжынерна-канструктарскіх работ па ўсім ланцужку стварэння прамысловай вытворчасці; пераход да дакладнага земляробства ў сельскай гаспадарцы; паўсюднае ўкараненне сістэм аўтаматычнага ўліку і рэгулявання спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў, кантролю за тэхнічным станам аб`ектаў інфраструктуры, паўнатой і правільнасцю налічэння і аплаты жыллёва-камунальных паслуг; стварэнне ў Беларусі прававога, адукацыйнага і інвестыцыйнага асяроддзя.

Пры гэтым, паводле слоў прэм`ер-міністра, ёсць выразнае разуменне, што паспяховае развіццё лічбавай эканомікі не зводзіцца толькі да тэхналагічнага аспекту, а ў значнай ступені залежыць ад эфектыўнага адміністравання пераўтварэнняў.

"Паколькі сёння лічбавыя тэхналогіі ўкараняюцца паўсюдна, а новыя тэхнічныя рашэнні з`яўляюцца ледзь ці не кожны дзень, нам неабходна быць у курсе бягучых тэндэнцый, перспектыў і паспяховых прыкладаў іх укаранення ў дзяржаўным сектары. У гэтым мэтах Мінсувязі даручана арганізаваць працэс бесперапыннага павышэння кампетэнцыі кіраўнікоў усіх узроўняў дзяржаўнага кіравання ў ІТ-сферы.

Мерапрыемствы, як сённяшні семінар, павінны садзейнічаць адаптацыі кіраўнікоў у лічбавым свеце, факусіраваць іх увагу на галоўных тэндэнцыях яго развіцця, падыходах да вырашэння задач у традыцыйных галінах з дапамогай перадавых тэхналогій, прыносячы максімальныя лічбавыя дывідэнды для дзяржавы", - канстатаваў ён.

Андрэй Кабякоў нагадаў, што кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача па ператварэнні Беларусі ў ІТ-краіну. Гэта прадугледжвае глабальнае асваенне новых лічбавых тэхналогій ва ўсіх сферах жыцця беларускага грамадства і нацыянальнай эканомікі.

"Органам дзяржаўнага кіравання, сістэме адукацыі, рэгулятарам розных сфер дзейнасці давядзецца карэнным чынам перабудаваць сваю работу, каб забяспечыць неабходныя ўмовы для паспяховага дасягнення пастаўленых мэт. Важныя крокі намі ўжо зроблены. Для пераходу да новых форм арганізацыі дзейнасці сучасных прадпрыемстваў з выкарыстаннем найбольш развітых тэхнічных магчымасцей прынята і рэалізуецца дзяржаўная праграма развіцця лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства на 2016-2020 гады, створаны Савет па развіцці лічбавай эканомікі", - рэзюмаваў ён.

29 чэрвеня 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/151/44030
Текущая дата: 28.11.2024