На агульным рынку Еўразійскага эканамічнага саюза на гэты момант застаецца каля 60 выключэнняў і абмежаванняў, паведаміў дырэктар дэпартамента развіцця інтэграцыі Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Шухно 25 мая ў Мінску на форуме "Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх".
"На сённяшні дзень можна канстатаваць у асноўным стварэнне ў ЕАЭС адзінага таварнага рынку, за выключэннем алкаголю і тытуню (тут ідзе падрыхтоўка пагаднення аб уніфікацыі акцызаў), электраэнергіі, нафты, газу і нафтапрадуктаў. У маі 2017 года ажыццёўлены запуск агульнага рынку фармацэўтычных і медыцынскіх вырабаў", — адзначыў Шухно.
Паводле яго слоў, у фармат адзінага рынку ў Еўразійскім саюзе пераведзена 52 сектары паслуг.
"На момант падпісання дамовы аб ЕАЭС намі было выяўлена больш як 400 выключэнняў, таму мы вылучылі гэты кірунак у адзінае дасье. Усе бар`еры фіксуюцца ў так званай "белай кнізе", цяпер яна ўтрымлівае каля 60 перашкод, якія неабходна ліквідаваць", — удакладніў дырэктар дэпартамента.
Шухно адзначыў, што бакі працягваюць працу па актуалізацыі дамовы аб ЕАЭС. "Мы ўспрымаем дагавор як жывы арганізм, які павінен адаптавацца да сучасных рэалій", — падкрэсліў прадстаўнік ЕЭК.
Дырэктар дэпартамента развіцця інтэграцыі таксама паведаміў, што да канца 2018 года ЕЭК сумесна з урадамі краін — членаў ЕАЭС плануе падрыхтаваць дэкларацыю аб далейшым развіцці інтэграцыйных працэсаў.
Аляксандр Лукашэнка 24 красавіка ў штогадовым пасланні народу і парламенту заявіў, што краіны — члены ЕАЭС з году ў год гавораць пра неабходнасць стварэння роўных умоў для суб`ектаў гаспадарання, аб ліквідацыі выключэнняў, бар`ераў, абмежаванняў ва ўзаемным гандлі, аб актуальнасці вырашэння праблем у сферы тэхрэгулявання, санітарных, ветэрынарна-санітарных мер. "Нягледзячы на ўсе намаганні і некаторыя зрухі, воз і цяпер там", — канстатаваў ён.
Лукашэнка таксама падкрэсліў, што важныя для паўнавартаснага развіцця пытанні вырашаюцца вельмі павольна і часта неэфектыўна. Паводле яго слоў, праца тармозіцца непаслядоўнай пазіцыяй партнёраў Беларусі па эканамічным саюзе. "У той час як на высокім узроўні дэкларуецца паглыбленне інтэграцыі і ліквідацыя бар`ераў, на практыцы іншы падыход, — сказаў Лукашэнка. — Замест адмены аднабаковых абмежавальных мер — іх актыўнае прымяненне".
___________________________________________
У ЕАЭС уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Расія. На сочынскім саміце 14 мая статус назіральніка атрымала Малдова.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 25 мая 2018
Мінск, 25 мая 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/154/43515
Текущая дата: 28.11.2024