У індустрыяльным парку "Вялікі камень" пачалася актыўная стадыя будаўніцтва новага маторнага завода.
Сумеснае прадпрыемства МАЗ і Weichai павінна быць запушчана да канца года, дызельныя рухавікі будуць пастаўляць на ўнутраны рынак і экспартаваць, паведамілі ў ААТ "МАЗ".
Першы камень у падмурак сумеснага прадпрыемства заклалі ў верасні мінулага года. Каля паўгода сышло на падрыхтоўчыя працы: распрацоўку праектнай дакументацыі, правядзенне экспертызы і ўзгадненне тэхнічных пытанняў. "І сёння мы гатовыя прыступіць непасрэдна да будаўніцтва завода", - адзначыў гендырэктар ААТ "МАЗ" Дзмітрый Кацярыніч.
Будаўнікі практычна падрыхтавалі пляцоўку для ўзвядзення аб`ектаў завода. Генпадрадчыкам выступае кампанія CAMC Engineering.
"Так склалася, што МАЗ працуе па кааперацыі з некалькімі пастаўшчыкамі матораў. Мець ўласныя рухавікі — перш за ўсё стратэгічная задача для нас", — прызнаўся Кацярыніч. Праект, паводле яго слоў, не так даўно атрымаў ухвалу і падтрымку ў старшыні КНР Сі Цзіньпіна.
З нагоды пачатку будаўніцтва завода на будпляцоўцы прайшла ўрачыстая цырымонія. Для гэтага ў Беларусь, у прыватнасці, прыляцеў віцэ-прэзідэнт карпарацыі Weichai Сью Хонг.
Сумеснае прадпрыемства "МАЗ-Вейчай" зойме тэрыторыю ў 3,5 гектара на тэрыторыі індустрыяльнага парка "Вялікі камень". Яно будзе працаваць як рэзідэнт, карыстаючыся ільготамі і прэферэнцыямі, прадугледжанымі ўказам кіраўніка дзяржавы № 166 ад 12 мая 2017 года. Уладальнікам завода будзе ТАА "МАЗ-Вейчай", створанае Мінскім аўтазаводам (30%) і Weichai (70%). Статутнай фонд кітайская карпарацыя і МАЗ сфарміруюць ў форме прамых інвестыцый.
На заводзе плануецца выпускаць дызельныя рухавікі для грузавікоў, аўтобусаў і спецмашын. Праектная магутнасць — да 20 тыс. матораў за год. Прадпрыемства забяспечыць патрэбы не толькі беларускага аўтапрама, але і зможа пастаўляць каля 30% прадукцыі на рынкі краін СНД і далёкага замежжа.
Магчымасць сумесна пабудаваць маторны завод у Беларусі ўпершыню абмяркоўвалася ў 2016 годзе падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай. Тады быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве, якія прадугледжваюць арганізацыю вытворчасці дызельных рухавікоў у Беларусі.
Як адзначаюць на Мінскім аўтазаводзе, аўтамабілі МАЗ з рухавікамі Weichai добра паказалі сябе ў Расіі і Беларусі. Па сутнасці, Мінскі аўтазавод выйшаў на рынак ЕАЭС і СНД з новым аўтамабілем, абсталяваным рухавіком вядучага кітайскага вытворцы. Практычна ўсе станцыі тэхабслугоўвання аўтамабіляў МАЗ у Расіі, Украіне і Беларусі могуць забяспечыць гарантыйнае і паслягарантыйнае абслугоўванне рухавікоў Weichai.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 7 красавіка 2018
Мінск, 7 красавіка 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/156/43062
Текущая дата: 28.11.2024