Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка лічыць недапушчальным пастаянна перакладаць праблемы прадпрыемстваў і банкаў на бюджэт



Пра гэта Прэзідэнт заявіў 19-га снежня на нарадзе аб прапанаваных новых інструментах рэструктурызацыі даўгавых абавязацельстваў у эканоміцы.

"Мы сабе не можам дазволіць пастаянна перакладаць праблемы прадпрыемстваў і банкаў на бюджэт. Нам трэба сістэмна вызначыцца з гэтым пытаннем. Неабходны больш актыўны ўдзел банкаў у гэтых працэсах. Але самым актыўным павінен быць той, хто браў грошы. Нам варта прадугледзець дзейсныя меры аздараўлення фінансавай сітуацыі як на канкрэтных прадпрыемствах, так і ў галінах эканомікі", — прыводзіць словы кіраўніка дзяржавы прэс-служба прэзідэнта.

Лукашэнка адзначыў, што на нараду вынесенае пытанне працы з праблемнымі пазыкамі прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі. Узровень назапашанай крэдытнай запазычанасці ў некаторых арганізацыях вялікі, і гэта не дазваляе ім эфектыўна працаваць і развівацца. Тут адбіваюцца недапрацоўкі мінулых гадоў, пралікі ў бізнес-планаванні і дарагоўля грошай у банкаўскай сістэме.

Паводле яго слоў, толькі ў 2015 і 2016 гадах быў прыняты дзясятак рашэнняў па шэрагу прадпрыемстваў і галін на агульную суму 1,8 млрд долараў. Былі рэструктурызаваныя іх даўгі, падаваліся адтэрміноўкі, растэрміноўкі пагашэння запазычанасці па крэдытах, выдаваліся бюджэтныя пазыкі.

"Тады ўрад абяцаў, што калі мы дапаможам нашым прадпрыемствам, то гэта будзе ў апошні раз. Патрэбен быў, з пункту гледжання ўрада, нейкі штуршок, і яны пачнуць эфектыўна працаваць, вернуць даўгі, — нагадаў кіраўнік дзяржавы. — Зараз прыйшоў час даўгі вяртаць, пагашаць пазыкі. Але зноў хваля прапаноў аб яшчэ адной рэструктурызацыі. Матывацыя тая ж: угаворы, стогны, плач".

Лукашэнка падкрэсліў, што ў падрыхтаваных прапановах не бачыць адказнасці тых, хто браў даўгі. "А для тых, хто атрымліваў крэдыты і пазыкі, рашэннем прэзідэнта быў асобны пункт, хто за гэта адказвае", — заўважыў ён.

У сувязі з гэтым ён выказаў нараканні ў адрас кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта і КДК, у тым ліку за адсутнасць аператыўнага інфармавання па гэтых пытаннях і неўнясенне адпаведных кадравых прапаноў, рух толькі ў фарватары прапаноў урада. "Вы плецяцеся ў хвасце падзей", — папракнуў кіраўнік дзяржавы.

"Урад і Нацбанк падрыхтавалі прапановы, якія змяшчаюць нібыта шэраг навацый. З майго пункту гледжання, гэта навацыі толькі па тэрміналогіі", — дадаў ён.

Лукашэнка адзначыў, што хацеў бы пачуць адказы на наступныя пытанні: што прадугледжваецца зрабіць для скарачэння аб`ёмаў праблемнай запазычанасці, наколькі хутка механізм працы з праблемнымі пазыкамі, прапанаваны ўрадам і Нацбанкам, дасць магчымасць выйсці прадпрыемствам з пазыковай ямы, які эфект ад навацый будзе для рэальнага сектара эканомікі, бюджэту і банкаў.

"Чакаю дакладных адказаў на пытанні аб наступствах прыняцця прадстаўленых прапаноў", — сказаў ён.

Апошнія два месяцы паміж камерцыйнымі банкамі і Нацбанкам вядзецца перапіска па тэме праблемных даўгоў. Банкаўская супольнасць у сваім звароце ў Нацбанк выказвала "значную занепакоенасць" тым, што існуючыя ў краіне механізмы абмяжоўваюць магчымасці банкаў па працы з праблемнай запазычанасцю.

Банкі таксама просяць дазволіць ім прадаваць праблемныя актывы з дысконтам нябанкаўскім арганізацыям, якія спецыялізуюцца на працы з праблемнымі даўжнікамі. У лісце ў адказ Нацбанк паведамляе, што да цяперашняга часу падрыхтаваны праект адпаведнага ўказа прэзідэнта. Ён прадугледжвае магчымасць продажу банкамі праблемных крэдытаў з дысконтам нябанкаўскім арганізацыям. Акрамя таго, Нацбанк паведамляе, што ім рэалізуецца праект па фарміраванні рынку праблемных актываў.

Пасля значнага росту таксічных банкаўскіх актываў ў 2016 годзе на фоне рэцэсіі, у 2017 годзе доля праблемных актываў у банкаўскай сістэме Беларусі практычна не змяняецца. На 1 лістапада гэтага года доля праблемных актываў у банкаўскай сістэме складала 13%.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 19 снежня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/163/41681
Текущая дата: 28.11.2024