Белорусский портал в Казахстане

Беларусь становіцца ўсё больш пазнаваемай на міжнароднай арэне



Упэўненасць у гэтым выказаў дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ, доктар гістарычных навук, прафесар Віктар Шадурскі, выступаючы на XVI Міжнароднай навуковай канферэнцыі "Беларусь у сучасным свеце".

Віктар Шадурскі падкрэсліў, што за перыяд сваёй незалежнасці Беларусь шмат зрабіла і прадаўжае рабіць на міжнароднай арэне для ўмацавання міру і бяспекі, падтрымання стабільнасці, у тым ліку выступаючы пляцоўкай для мірных міжнародных перагавораў.

"Беларусь стала сапраўды эфектыўнай пляцоўкай для перагавораў, для правядзення міжнародных палітычных, эканамічных, навуковых і спартыўных сустрэч і мерапрыемстваў. Нашы міжнародныя партнёры бачаць і цэняць гэта", - сказаў прафесар.

Паводле яго слоў, гэты год стаў знакавым у плане шматлікіх мерапрыемстваў, прысвечаных 25-годдзю ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і іншымі дзяржавамі.

На факультэце міжнародных адносін таксама прайшла серыя сустрэч і круглых сталоў, што дало добрую магчымасць яшчэ раз прааналізаваць поспехі і дасягненні краіны за чвэрцьвекавы перыяд.

Дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ ў сваім выступленні расказаў аб актыўнай дзейнасці маладых беларускіх вучоных і аб тым, што ў свеце павышаецца цікавасць да беларускіх навуковых распрацовак. Ён выказаў меркаванне аб неабходнасці канцэнтрацыі намаганняў айчынных вучоных, у тым ліку маладых, на распрацоўцы тэм, важных з пункту гледжання эфектыўнасці для дзяржавы.

Міжнародная навуковая канферэнцыя праходзіць на базе факультэта міжнародных адносін БДУ ва ўзаемадзеянні з міжнародным грамадскім аб`яднаннем па навукова-даследчых і інфармацыйна-адукацыйных праграмах "Развіццё", Цэнтрам вывучэння знешняй палітыкі і бяспекі, Грамадскім аб`яднаннем па еўрапейскіх даследаваннях. Яе асноўная тэма "Беларусь ва ўмовах глабальнай і рэгіянальнай турбулентнасці".

У мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі МДІМА, МДЛУ, Савета бяспекі Беларусі, студэнты, аспіранты, магістранты, выкладчыкі. Канферэнцыя праводзіцца штогод напярэдадні дня ўтварэння БДУ - ВНУ была створана 30 кастрычніка 1921 года.

БЕЛТА, 25 октября 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/166/40943
Текущая дата: 28.11.2024