Сетка магазінаў дацкіх тавараў для паўсядзённага жыцця і для адпачынку Jysk 7 снежня адкрые краму ў Брэсце.
Гэта будзе першы магазін сеткі ў рэгіёнах Беларусі, паведаміла прэс-служба кампаніі. Інвестыцыі ў яго склалі каля 1 мільёна долараў ЗША.
Новая крама плошчай 2.124 кв. метры будзе ў былым гіпермаркеце "Алмі" па вуліцы Маскоўскай. Будзе створана 24 новыя працоўныя месцы.
"Першы магазін у абласным цэнтры будзе лакмусавай паперкай для вызначэння далейшых планаў развіцця ў рэгіёнах. Мы бачым тут для сябе велізарны патэнцыял. На гэты момант плануем адкрыць крамы ў кожным абласным цэнтры і ў будучыні перайсці ў гарады, дзе пражывае больш за 100 тысяч чалавек", — адзначыла прадстаўнік кампаніі Jysk на рынках краін Балтыі і Рэспублікі Беларусь, дырэктар патрануючай кампаніі Do It Даце Зундурэ.
Паводле слоў Зундурэ, скандынаўская кампанія лічыць Беларусь стратэгічным рынкам. "Пытанне не толькі ў адкрыцці новых крам, але і ў пашырэнні супрацоўніцтва з мясцовымі вядучымі вытворцамі тавараў для дома і побыту. Наш эксперымент размясціць заказы на вытворчасць тавараў у Беларусі для рынку Прыбалтыкі цалкам апраўдаўся. Рост паставак з Беларусі ў нашы крамы ў Літве, у Латвіі і Эстоніі вымяраецца ў сотнях тысяч еўра. Гаворка ідзе пра матрацы, пасцельную бялізну, тавары для ваннага пакою і мэблю. У той жа самы час для спажыўцоў Беларусі мы падалі цікавую лінейку тавараў скандынаўскага стылю", — сказала кіраўнік Jysk у рэгіёне.
Паводле яе слоў, вынікі апытання Jysk паказалі, што 87% жыхароў Балтыі, якія набылі ў Jysk у Літве, Латвіі ці Эстоніі тавары з Беларусі, былі здзіўленыя іх высокай якасцю.
Jysk мае амбіцыйныя планы на будучыню — падвоіць колькасць крам да 5.000, у найбліжэйшыя пяць гадоў плануецца адкрыць як мінімум 700 новых крам, заявілі ў інтэрв`ю дацкім выданням заснавальнік і ўладальнік сеткі крам Ларс Ларсэн і дырэктар Jysk Nordic Ян Бо.
Зундурэ пацвердзіла, што краіны Балтыі і Беларусь будуць прытрымлівацца глабальных планаў Jysk. "У найбліжэйшыя пяць гадоў мы таксама плануем расці ў два разы: наша сетка крам, якая складаецца з 34 магазінаў у краінах Балтыі і Беларусі, вырасце ўдвая — да 70. Хутчэй за ўсё, гэты рост будзе адбывацца за кошт беларускага рынку: тут плануецца адкрыць да 25 крам. Сетка будзе расці таксама і ў краінах Балтыі, дзе асноўную ўвагу нададзім рэгіёнам і вялікім гарадам. Наш патэнцыял вельмі вялікі", — сказала Зундурэ. Для рэалізацыі гэтага плана ў краінах Балтыі і Беларусі Jysk плануе інвеставаць 40 млн еўра.
На сёння ў свеце адкрыта 2,5 тыс. магазінаў Jysk у 48 краінах, у якіх працуе 21 тыс. чалавек. У краінах Балтыі і ў Беларусі працуе 34 крамы і чатыры інтэрнэт-крамы. Колькасць супрацоўнікаў складае 870 чалавек.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 2 лістапада 2017
Мінск, 2 лістапада 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/166/40969
Текущая дата: 28.11.2024