Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Куба плануюць рэалізоўваць сумесныя праекты ў ІТ, біямедыцыне і сельскай гаспадарцы



Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях.

"Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці Беларусі і Кубінскае ведамства па прамысловай уласнасці падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве і ўзаемадзеянні.

Цырымонія падпісання адбылася ў час сустрэчы кубінскай дэлегацыі са старшынёй ДКНТ Аляксандрам Шуміліным.

Бакі абмеркавалі пытанні рэалізацыі сумесных беларуска-кубінскіх праектаў. У прыватнасці, у галіне біямедыцыны і фармацыі, сельскай гаспадаркі, ІТ-сферы", - растлумачылі ў ДКНТ.

Подпісы пад дакументам паставілі генеральны дырэктар НЦІУ Пётр Броўкін і намеснік міністра навукі, тэхналогій і прыродных рэсурсаў Кубы Даніла Алонса Медэрас.

Згодна з дакументам, бакі плануюць развіваць супрацоўніцтва ў галіне абмену тэхналагічнай інфармацыі для эканамічнага развіцця, а таксама выконваць сумесныя праекты, накіраваныя на выкарыстанне інструментаў прамысловай уласнасці.

Візіт кубінскай дэлегацыі ў Беларусь прадоўжыцца да 28 жніўня. Праграмай прадугледжваюцца таксама сустрэчы і перагаворы ў НАН Беларусі, Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, ПВТ, Мінскім гарадскім тэхнапарку і тэхнапарку "Палітэхнік".

Кубінскае ведамства па прамысловай уласнасці з`яўляецца дзяржаўным органам, падпарадкаваным Міністэрству навукі, тэхналогій і навакольнага асяроддзя Кубы, чыя функцыя заключаецца ў прадастаўленні і рэгістрацыі выключных правоў на прамысловую ўласнасць, устанаўленні прававога рэжыму і палітыкі ў гэтых адносінах, пашырэнні, развіцці і кантролі гэтай дзейнасці, а таксама прадастаўленні іншых спецыялізаваных паслуг у гэтай галіне.

25 жніўня 2017, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/169/40506
Текущая дата: 29.11.2024