Лідары краін ЕАЭС на саміце ў Санкт-Пецярбургу прынялі дэкларацыю аб далейшым развіцці Еўразійскага эканамічнага саюза да 2030 года і на перыяд да 2045 года.
Кіраўнікі дзяржаў таксама зацвердзілі даручэнне па распрацоўцы мер для рэалізацыі дэкларацыі.
"Важна, што нашы краіны жывуць не толькі сучасным. Мы добра разумеем мэты інтэграцыі ў бліжэйшым будучым. Па ініцыятыве расійскага боку падрыхтавана дэкларацыя, якая вызначае задачы развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза да 2030 года і контуры інтэграцыі да 2045 года. У строгім духу эканамічнага прагматызму абазначаны канкрэтныя, зразумелыя мэты: далейшае будаўніцтва агульнага еўразійскага рынку, забеспячэнне яго ключавымі таварамі і рэсурсамі, развіццё кааперацыі, фармаванне агульнай транспартна-лагістычнай прасторы і агульнага фінансавага рынку, актыўнае міжнароднае пазіцыянаванне ЕАЭС", - сказаў Прэзідэнт Беларусі ў сваім выступленні на саміце.
"Дэкларацыя вызначае важнейшыя напрамкі, па якіх мы будзем рухацца. Гэта канцэптуальная рэч. Таму сёння мы прынялі рашэнне, размаўляючы ў вузкім складзе, што пад дэкларацыю ў яе развіццё трэба прыняць дарожную карту - канкрэтны план нашага развіцця. Будзе няпроста, але мы такі план прымем", - дадаў беларускі лідар.
Усяго на пасяджэнні бакі разгледзелі больш за два дзясяткі розных пытанняў.
Па выніках саміту старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што падпісаная дэкларацыя здымае сумненні шэрага скептыкаў наконт перспектыў ЕАЭС. Прыняты дакумент арыентаваны да 2045 года. Значыць, праекты і праграмы змогуць працаваць доўга. "Для інвестараў, банкаўскай сістэмы, бізнесу ў цэлым гэта вельмі важны пазітыўны сігнал, на які трэба звярнуць увагу", - сказаў ён.
Што датычыцца распрацоўкі дарожнай карты па рэалізацыі дэкларацыі, Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што гэта будзе вельмі няпростае пытанне. У сувязі з гэтым ён звярнуўся да СМІ з просьбай забяспечыць інфармацыйнае суправаджэнне рэалізацыі дэкларацыі.
Кіраўнікам дзяржаў таксама было даложана аб асноўных выніках функцыянавання ЕАЭС пачынаючы з 2015 года, прапанаваны варыянты вырашэння застарэлых праблем. Але галоўнае, лічыць Міхаіл Мясніковіч, што за мінулы перыяд з моманту стварэння саюза не было застою ў развіцці, а таксама не дапушчана сістэмных недахопаў. Забяспечваецца павышэнне дабрабыту насельніцтва дзяржаў ЕАЭС.
Лідары краін прынялі таксама рашэнне аб асноўных арыенцірах макраэканамічнай палітыкі дзяржаў ЕАЭС на 2024-2025 гады. У дакуменце адлюстравана, што першачарговымі напрамкамі для выхаду ў перспектыве на траекторыю штогадовага прыросту ВУП саюза тэмпамі вышэйшымі за тэмпы развіцця сусветнай эканомікі павінны стаць стварэнне спрыяльных макраэканамічных умоў для нарошчвання аб`ёмаў інвестыцый; развіццё навукова-тэхнічнага патэнцыялу ЕАЭС; умацаванне вытворчай базы дзяржаў-членаў і развіццё кааперацыі ў рэальным сектары; развіццё ўнутранага рынку саюза і пашырэнне экспартных магчымасцей.
Лідары ЕАЭС абмеркавалі асноўныя напрамкі міжнароднай дзейнасці ЕАЭС на 2024 год. Захоўваюцца прыярытэты па ўзаемадзеянні з дзяржавамі СНД, іншымі краінамі блізкага замежжа, а таксама дзяржавамі - наглядальнікамі пры саюзе. Шмат увагі было прысвечана неабходнасці развіцця больш глыбокага і сістэмнага дыялогу з ШАС, у тым ліку пры садзейнічанні казахстанскага старшынства ў гэтай арганізацыі. Размова таксама ішла аб супрацоўніцтве з БРІКС і іншымі аб`яднаннямі.
У сувязі з гэтым Міхаіл Мясніковіч прыгадаў аб прапанове Прэзідэнта Беларусі правесці ў бліжэйшы час саміт ЕАЭС - ШАС - БРІКС. "Гэта магло б быць знакавым мерапрыемствам, каб паглыбіць і напоўніць новым зместам наша супрацоўніцтва", - адзначыў ён.
Кіраўнікам дзяржаў была прадстаўлена інфармацыя аб сітуацыі па ўстараненні бар`ераў і скарачэнні выключэнняў і абмежаванняў на ўнутраным рынку ЕАЭС.
Адно з рашэнняў саміту датычыцца стварэння новага прававога інстытута ў сферы мытнага рэгулявання - аператара электроннага гандлю, які будзе забяспечваць лагістыку і мытнае афармленне аперацый з таварамі, што набываюцца фізічнымі асобамі пры дапамозе сеткі Інтэрнэт. Падпісаны адпаведны пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор аб Мытным кодэксе ЕАЭС.
Кіраўнікі дзяржаў падпісалі рашэнне аб зацвярджэнні бюджэту Еўразійскага эканамічнага саюза на 2024 год. Расходы бюджэту істотна павялічаны да ўзроўню 2023 года.
На палях саміту падпісана пагадненне аб свабодным гандлі паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і яго дзяржавамі-членамі з аднаго боку і Ісламскай Рэспублікай Іран з другога боку. Яно дасць магчымасць істотна павысіць канкурэнтаздольнасць тавараў дзяржаў - членаў ЕАЭС і за кошт гэтага нарасціць экспарт у Іран. Дакумент у цэлым будзе садзейнічаць росту тавараабароту, а таксама актывізацыі кааперацыйнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва.
25 снежня 2023, Санкт-Пецярбург
БЕЛТА
25 снежня 2023, Санкт-Пецярбург
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/17/71915
Текущая дата: 24.11.2024