Белорусский портал в Казахстане

Золатавалютныя рэзервы Беларусі за ліпень павялічыліся на 103,8 млн долараў



Пра гэта паведамляе ўпраўленне інфармацыі Нацбанка.

За месяц золатавалютныя рэзервы (ЗВР) Беларусі павялічыліся на 1,6% і па стане на 1 жніўня склалі 6.664,8 млн долараў ЗША.

"За ліпень 2017 года золатавалютныя рэзервы выраслі на 103,8 млн долараў ЗША пасля росту ў чэрвені 2017 года на 1.322,1 млн долараў ЗША (на 25,2%). За студзень—ліпень прырост рэзерваў склаў 1.737,6 млн долараў (35,3%)", — канстатуе Нацбанк.

Як адзначае рэгулятар, павелічэнню рэзерваў у ліпені спрыялі паступленне сродкаў ад продажу Нацыянальным банкам аблігацый, намінаваных у замежнай валюце, а таксама купля замежнай валюты на ўнутраным рынку. Акрамя таго, росту рэзерваў спрыяла павелічэнне аб`ёму сродкаў у замежнай валюце на карэспандэнцкіх рахунках банкаў у Нацыянальным банку і павелічэнне кошту манетарнага золата.

"Урадам і Нацыянальным банкам у ліпені выканана знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму каля 533 млн долараў ЗША", — гаворыцца ў паведамленні Нацбанка.

У 2016 годзе золатавалютныя рэзервы Беларусі павялічыліся на 751 млн долараў ЗША (на 18%) і склалі 4,9 млрд долараў у эквіваленце на 1 студзеня 2017-га. Афіцыйныя планы Нацбанка, зацверджаныя ў Асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі, мяркуюць рост рэзерваў у гэтым годзе не менш як на 500 млн долараў.

Разам з тым у чэрвені Мінфін Беларусі размясціў чарговыя выпускі еўрааблігацый на 1,4 млрд долараў для маючых адбыцца выплат па даўгах, што спрыяла хуткаму росту ЗВР Беларусі ў бягучым годзе.

Паводле ацэнак Нацбанка, мінімальны ўзровень рэзерваў, на які варта арыентавацца Беларусі ў будучым, — 10 млрд долараў. Такі ўзровень задавальняў бы міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы, крэдытораў і дазволіў бы краіне пазычаць сродкі на знешніх рынках капіталу на больш выгадных умовах.

"Дзесяць мільярдаў долараў рэзерваў неабходныя для таго, каб знешнія крэдыторы ўспрымалі Беларусь як дзяржаву з меншымі рызыкамі і каб рэспубліка магла прыцягваць рэсурсы па меншым кошце", — тлумачыў у 2016 годзе старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 7 жніўня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/171/40327
Текущая дата: 29.11.2024