Белорусский портал в Казахстане

Поўнасцю ўвесці ў строй БелАЭС плануецца летам 2020 года



Дзяржаўная карпарацыя "Расатам" плануе поўнасцю ўвесці ў строй Беларускую атамную электрастанцыю летам 2020 года, заявіў генеральны дырэктар карпарацыі Аляксей Ліхачоў 24 ліпеня ў Мінску на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

"Мы ўчора працавалі ўвесь дзень на станцыі, абмеркавалі становішча спраў. Гатовыя далажыць падрабязна. Мы зыходзім з абавязацельстваў "Расатама" ўсю станцыю ўвесці ў строй летам 2020 года", — цытуе Ліхачова дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Гендырэктар "Расатама" падзякаваў беларускаму боку за пастаянную ўвагу да будаўніцтва БелАЭС. "Мы гэта адчуваем, адчуваюць і нашы будаўнікі, якія працуюць тут, у Беларусі", — сказаў ён.

Ліхачоў нагадаў пра размову Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным у канцы мая 2012 года, калі стартаваў праект будаўніцтва АЭС. "Вы тады сказалі, што задача — пабудаваць самую бяспечную, самую сучасную станцыю ў Еўропе, і "Расатам" дзейнічае, зыходзячы з гэтай вашай устаноўкі. Сапраўды, гэта новае пакаленне па бяспецы (3+). У свеце такіх аналагаў няма", — падкрэсліў гендырэктар карпарацыі.

Лукашэнка на сустрэчы заявіў, што "ў Беларусі надаецца вельмі сур`ёзная ўвага будаўніцтву атамнай электрастанцыі", паколькі гэты праект з`яўляецца важным не толькі з эканамічнага, але і з палітычнага, маральнага пункту гледжання. "Нам не проста далося рашэнне аб будаўніцтве атамнай электрастанцыі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. — Фобіі былі вельмі моцныя, але нам удалося пераканаць насельніцтва, што за гэтым будучыня. Гэта, па-першае. Па-другое, гэта самыя высокія тэхналогіі. У шэраг з касмічнымі, IT-тэхналогіямі, лічбавай эканомікай (за імі будучыня) я стаўлю і будаўніцтва атамнай станцыі".

Лукашэнка адзначыў, што нядаўна быў прызначаны памочнік прэзідэнта, які адказвае за ажыццяўленне нацыянальных праектаў. "Гэта ўзровень нацыянальнага праекта нароўні з іншымі, якія мы ажыццяўляем, — іх каля дзясятка. Гэта вельмі затратныя праекты. Таму мы надаем гэтаму сур`ёзную ўвагу", — падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што тэма будаўніцтва атамнай станцыі пастаянна абмяркоўваецца падчас яго сустрэч з прэзідэнтам Расіі. "Мы абмяркоўваем будаўніцтва атамнай станцыі і ўважліва кантралюем не толькі ход будаўніцтва, але і цэнавыя параметры. Прэзідэнта Расіі вельмі цікавіць гэта пытанне", — сказаў Лукашэнка.

БелАЭС узводзіцца пад Астраўцом (Гродзенская вобласць), паблізу ад беларуска-літоўскай мяжы, за кошт крэдыту Расіі. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення з выкарыстаннем вода-вадзянога энергетычнага рэактара ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў канцы 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на 2019 год, другога — на 2020-ты.

Літва сцвярджае, што работы вядуцца без выканання патрабаванняў бяспекі і экалагічных стандартаў. Мінск гэтыя прэтэнзіі адхіляе.

У СМІ перыядычна з`яўляецца інфармацыя аб тэхнічных інцыдэнтах і няшчасных выпадках на будаўніцтве АЭС.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 24 ліпеня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/172/40136
Текущая дата: 29.11.2024