Белорусский портал в Казахстане

Беларусь з`яўляецца выдатнай пляцоўкай для выхаду замежных кампаній-інвестараў на рынак ЕАЭС



Пра гэта заявіў намеснік прэм`ер-міністра Уладзімір Сямашка на адкрыцці XIV Гомельскага эканамічнага форуму 19 мая.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, віцэ-прэм`ер падкрэсліў, што ў Беларусі створаныя камфортныя ўмовы для інвестараў. Самая галоўная з іх — удзел Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, куды ўваходзяць Расія, Казахстан, Кыргызстан, Арменія.

"Гэта рынак з насельніцтвам большым за 180 млн чалавек, тэмпы росту эканомікі якога да крызісу складалі 6,5% у год, — сказаў Сямашка. — Дарэчы, як і Беларусь хутка выходзіць з крызісу, я бачу ўсе прыкметы росту эканомікі ў Расіі і Казахстане".

Паводле слоў чыноўніка, прадстаўніцтва і выніковасць Гомельскага эканамічнага форуму год ад года расце — вобласці ўдалося падысці да мерапрыемства з добрымі фінансава-эканамічнымі паказчыкамі. "Усё таму, што краіна перажыла крызіс, перыяд рэцэсіі і зараз працягвае развівацца згодна з тымі правіламі, якія вызначыў прэзідэнт. І лічбы першага квартала гавораць самі за сябе: з дзевяці паказчыкаў не выкананы толькі ВРП, пры заданні 99,6% ён склаў 99%", — адзначыў віцэ-прэм`ер.

Гаворачы аб значнасці форуму, Сямашка заўважыў, што яго вызначальным фактарам з`яўляецца праца па прыцягненні ў рэгіён замежных інвестыцый. У Гомельскай вобласці зараз рэалізуюць некалькі сур`ёзных інвестпраектаў: мадэрнізацыя Мазырскага НПЗ, будаўніцтва завода сульфатнай беленай цэлюлозы ў Светлагорску, Петрыкаўскага горна-абагачальнага комплексу, а ў Добрушы — завода па вытворчасці мелаванага і немелаванага кардону.

Віцэ-прэм`ер упэўнены, што рэалізацыя гэтых праектаў стане сур`ёзнай дапамогай ў фармаванні мясцовых і рэспубліканскага бюджэтаў.

Гомельскі эканамічны форум праходзіць 14-ты раз. Сёлета яго ўдзельнікамі сталі прыблізна 700 чалавек з 16 краін. Гасцям прапануюць 155 інвестыцыйных праектаў, а таксама магчымасць набыць 137 аб`ектаў нерухомасці для арганізацыі бізнесу і 191 участак без аўкцыёну. Упершыню на форуме прэзентаваныя для сумеснай рэалізацыі 14 навуковых распрацовак.

Ірына Турчына, БелаПАН
Мінск, 19 мая 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/181/39446
Текущая дата: 29.11.2024