Белорусский портал в Казахстане

Еўрасаюз увёў антыдэмпінгавую пошліну на арматуру Беларускага металургічнага завода



Інфармацыя аб гэтым змяшчаецца ў афіцыйным часопісе ЕС (europa.eu) за 20 снежня.

Еўрапейская камісія ўстанавіла папярэднюю антыдэмпінгавую пошліну ў дачыненні да арматуры вытворчасці Беларускага металургічнага завода (БМЗ). Пошліна на арматурныя пруты і стрыжні для бетону ўстаноўлена ў памеры 12,5%. 

Рашэнне аб пастаянна дзейнай антыдэмпінгавай пошліне павінна быць прынята да 20 чэрвеня. Як правіла, такая пошліна ўводзіцца тэрмінам на пяць гадоў.

Нагадаем, Еўракамісія 31 сакавіка пачала антыдэмпінгавае расследаванне ў дачыненні да БМЗ па экспарце ў ЕС гарачакачанай арматуры. Адпаведная скарга была пададзена 15 лютага 2016 года Еўрапейскай асацыяцыяй вытворцаў сталі (Eurofer) па даручэнні прадпрыемстваў, якія кантралююць больш за 25% рынку арматуры ў Еўрасаюзе.

У прыватнасці Eurofer скардзіўся на вялікія аб`ёмы паставак арматуры з Беларусі па нярыначных цэнах, што аказала адмоўны ўплыў на аб`ёмы продажаў і цэны на рынку ЕС і, як следства, неспрыяльна адбілася на фінансавым становішчы шэрагу еўрапейскіх вытворцаў. У ходзе расследавання павінен быў быць вывучаны перыяд з 1 студзеня па 31 снежня 2015 года. Пры гэтым вывучэнне тэндэнцый рынку ахоплівала перыяд з 1 студзеня 2012 года па 31 снежня 2015 года.

Беларускі металургічны завод быў запрошаны Еўракамісіяй да ўдзелу ў працы камісіі па расследаванні.

Кіраўніцтва Беларускага металургічнага завода прыняло рашэнне супрацоўнічаць з Еўракамісіяй у рамках пачатага антыдэмпінгавага расследавання і зарэгістравала прадпрыемства ў якасці зацікаўленай асобы.

"Еўрапейская камісія атрымае адказы на ўсе пытанні, якія яе цікавяць, і тлумачэнні, неабходныя для прыняцця адпаведных рашэнняў. У сваю чаргу прадпрыемствам для кансультацый будуць прыцягнутыя вопытныя адвакаты, якія сумесна са спецыялістамі і суб`ектамі ўласнай тавараправоднай сеткі выканаюць усе мерапрыемствы, неабходныя для кваліфікаванай абароны БМЗ у антыдэмпінгавым расследаванні. Аказаць падтрымку таксама пагадзіліся розныя структуры і камерцыйныя партнёры", — гаварылася ў каментары, размешчаным на афіцыйным сайце БМЗ.

Як заяўляў намеснік прэм`ер-міністра Уладзімір Сямашка 30 чэрвеня на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, Беларускі металургічны завод да канца года павінен выйсці на рэнтабельную працу. "Металургічная галіна па-ранейшаму адчувае сусветную перавытворчасць і стагнацыю, што суправаджаецца падзеннем цэн на прадукцыю. Агульныя страты валютнай выручкі ААТ "Беларускі металургічны завод" з прычыны падзення цэн у 2015 годзе і за першыя пяць месяцаў 2016 года склалі 348,2 млн долараў. Перш за ўсё за кошт таго, што ў мінулым годзе цэны ўпалі на 26%, а за студзень—сакавік — яшчэ на 21,1%", — паведаміў Сямашка.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 20 снежня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/195/38088
Текущая дата: 29.11.2024