Белорусский портал в Казахстане

ЕБРР выдзеліць 21 млн еўра на рэканструкцыю інфраструктуры водазабеспячэння ў Лідзе, Полацку і Оршы



Пра гэта паведаміла прэс-служба ЕБРР.

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) выдзяляе крэдыты на 21 млн еўра на рэканструкцыю інфраструктуры водазабеспячэння і водаадвядзення ў трох гарадах Беларусі з агульнай колькасцю насельніцтва большай за 400 тысяч чалавек.

Гэтыя крэдыты даюцца ў межах праграмы фінансавання сектара водазабеспячэння і водаадвядзення агульным аб`ёмам 40 млн еўра, якая прадугледжвае рэалізацыю праектаў таксама ў іншых гарадах Беларусі.

Праграма прадугледжвае аказанне дапамогі ў мадэрнізацыі магутнасцяў водазабеспячэння і водаадвядзення, рэканструкцыі адпаведных сетак, мадэрнізацыі помпавых станцый, фінансаванні закупкі рамонтна-дыягнастычнага абсталявання ў Лідзе (Гродзенская вобласць), Полацку і Оршы (Віцебская вобласць).

Праекты ў Лідзе і Полацку адпаведна на 6 млн і 9 млн еўра дапамогуць мясцовым камунальным прадпрыемствам выканаць стандарты Еўрасаюза па ачыстцы сцёкавых вод і рэкамендацыі Камісіі па ахове марскога асяроддзя Балтыйскага мора. Вынікам гэтага, паводле інфармацыі ЕБРР, стануць "значныя экалагічныя паляпшэння для мясцовага насельніцтва і скарачэнне забруджванняў у басейне Балтыйскага мора". Праект у Полацку таксама прадугледжвае будаўніцтва новай ачышчальнай станцыі.

Для гэтых праектаў прадугледжваецца суфінансаванне ў выглядзе інвестыцыйных грантаў адпаведна на 3 млн і 4,21 млн еўра, якія будуць выдзеленыя Экалагічным партнёрствам Паўночнага вымярэння.

Мэтай крэдыту ў 6 млн еўра для Оршы таксама з`яўляецца забеспячэнне адпаведнасці стандартам ЕС па ачыстцы сцёкавых вод і змяншэнне забруджвання басейна Балтыйскага мора. Для праекта ў Оршы прадугледжваецца суфінансаванне ў выглядзе інвестыцыйнага гранта на 3 млн еўра, які будзе выдзелены Шведскім агенцтвам па супрацоўніцтве ў сферы міжнароднага развіцця (SIDA) і іншымі міжнароднымі донарамі.

Перадінвестыцыйнае тэхніка-эканамічнае даследаванне названых трох праектаў было выкананае за сродкі тэхнічнага супрацоўніцтва, выдзеленыя ўрадам Швецыі.

Выканаўца абавязкаў віцэ-прэзідэнта ЕБРР па пытаннях палітыкі і партнёрства Алан Пію сказаў: "Гэтая праграма з`яўляецца добрым прыкладам магчымасцяў, якія адкрывае перад кампаніямі ў дзяржаўным сектары новая стратэгія дзейнасці ЕБРР у Беларусі. Паляпшаючы паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення ў гэтых трох гарадах, мы не толькі забяспечваем мясцовае насельніцтва больш якаснай пітной вадой, але і робім адпаведныя прадпрыемствы больш устойлівымі і экалагічнымі".

У пачатку верасня ЕБРР прыняў новую чатырохгадовую стратэгію для Беларусі. У ёй адзначаецца, што ў сувязі з нядаўнімі зменамі ў рэгіянальным геапалітычным становішчы Беларусь стала дэманстраваць большую адкрытасць на міжнародным узроўні і большую гатоўнасць да абмеркавання палітычнай сітуацыі ўнутры краіны, у тым ліку пытанняў, звязаных з выкананнем правоў чалавека. Гэтыя пазітыўныя змены, а таксама рэакцыя на іх міжнароднай супольнасці "стварылі новы палітычны кантэкст для дзейнасці ЕБРР" у Беларусі і "адкрылі магчымасці для больш актыўнага ўзаемадзеяння з беларускімі ўладамі", гаворыцца ў дакуменце.

З пачатку сваёй дзейнасці ў Беларусі ЕБРР інвеставаў амаль за 1,8 млрд еўра ў межах прыкладна 70 праектаў у розных сектарах эканомікі.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 24 кастрычніка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/199/37372
Текущая дата: 29.11.2024