Танкер з азербайджанскай нафтай, прызначанай для Мазырскага НПЗ, на днях прыбыў у Адэскі марскі порт.
Беларусь зноў ажыццявіла пастаўку партыі нафты з Азербайджана
"Увечары 19 кастрычніка ў нафтагавані Адэскага порта ашвартаваўся танкер ALHANI (даўжыня макс. — 249 м, сцяг — Лівія) з 84,7 тыс. тон азербайджанскай нафты прызначэннем на Беларусь. Груз прыбыў з порта Супса. Пасля адкаткі ў берагавыя ёмістасці адной з адэскіх нафтабаз нафта будзе адпраўляцца чыгуначнымі цыстэрнамі на Мазырскі НПЗ", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы порта. Завяршэнне выгрузкі планавалася на 22 кастрычніка.
Як адзначылі спецыялісты порта, транзітная нафта ў Беларусь праходзіць праз магутнасці нафтараёна Адэскага порта ўжо не ў першы раз. Так, у 2010—2011 гадах праз адэскую нафтагавань было перапрацавана 1.455,1 тыс. тон нафты венесуэльскага і азербайджанскага паходжання, у тым ліку 156,3 тыс. тон азербайджанскай нафты па схеме своп шляхам замяшчэння венесуэльскай нафты па кантрактах паміж Беларускай нафтавай кампаніяй, азербайджанскай SOCAR і венесуэльскай PDVSA.
У прэс-службе канцэрна "Белнафтахім" пацвердзілі інфармацыю аб тым, што найбліжэйшым часам Мазырскі НПЗ атрымае партыю азербайджанскай нафты. "Сапраўды, у порце Адэсы выгружаная партыя азербайджанскай нафты, прызначаная для перапрацоўкі на Мазырскім НПЗ. Яго тэхналагічная аснашчанасць дазваляе перапрацоўваць розныя гатункі нафты", — сказалі ў канцэрне.
Там падкрэслілі, што "Беларусь прапрацоўвае розныя варыянты паставак нафты ў сувязі з недазагрузкай беларускіх НПЗ расійскай сыравінай".
Нагадаем, у трэцім квартале гэта года Расія рэзка скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь з-за рознагалоссяў па цане на газ, паставіўшы 3,5 млн тон нафты (супраць 5,8 млн тон у першым квартале і 5,7 млн у другім). Зніжэнне паставак расійскай нафты прывяло да таго, што беларускія НПЗ знізілі аб`ём выпуску нафтапрадуктаў.
Выступаючы 7 кастрычніка ў парламенце, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь вядзе перамовы з Іранам аб пастаўках нафты. Паводле яго слоў, гэта робіцца ў сувязі са складанасцямі ў перамовах па нафце і газе з Расіяй. "Мы вядзем перамовы з Іранам, які кідаецца ў пошуках для пастаўкі нафты і які знізіць нам цану. Аж да таго, што мы ім дамо ўсе магчымасці на Мазырскім або іншым заводзе — перапрацоўвайце сваю нафту і прадавайце, дзе лічыце патрэбным", — падкрэсліў ён.
Лукашэнка таксама загадаў ураду вярнуцца да праекта нафтаправода з Балтыкі і "неадкладна скончыць мадэрнізацыю" Наваполацкага нафтаперапрацоўчага завода. "Мы дамовіліся, сёння загружаны танкер ідзе ў Адэсу, і пачнем пастаўляць праз Украіну на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
10 кастрычніка стала вядома, што Беларусь і Расія ўрэгулявалі канфлікт у нафтагазавай сферы: беларускі бок пагадзіўся пагасіць запазычанасць за газ, а расейскі прыняў рашэнне аднавіць пастаўкі нафты на беларускія НПЗ у ранейшых аб`ёмах. Мяркуецца, што Беларусь у чацвёртым квартале атрымае 5 млн тон нафты.
Аляксандр Ярашэвіч, БелаПАН
Мінск, 24 кастрычніка 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/199/37376
Текущая дата: 29.11.2024