Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што трэба павышаць ролю і пашыраць напрамкі супрацоўніцтва ЕЭК ААН



Такі пункт гледжання кіраўнік дзяржавы выказаў 27 кастрычніка на сустрэчы з намеснікам Генеральнага сакратара ААН - выканаўчым сакратаром Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН Крысціянам Фрыісам Бахам.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў важнасць таго, што Крысціян Фрыіс Бах не ўпершыню наведвае нашу краіну, і ў яго склалася сваё меркаванне пра Беларусь.

Што датычыцца дзейнасці Еўрапейскай эканамічнай камісіі, у рабоце якой удзельнічаюць 56 дзяржаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Вашы праекты і даследаванні ў многіх галінах і, перш за ўсё, у эканоміцы, экалогіі, інавацыях, сферах транспарту, будаўніцтва, сацыяльнай сферы, прыватна-дзяржаўным партнёрстве ўносяць вялікі ўклад у развіццё нацыянальных праграм па адпаведных напрамках".



"Больш таго, мне прыемна з вамі сустракацца яшчэ і таму, што вы - чалавек, які прыхільны да гэтых напрамкаў, блізкі да зямлі, вельмі цэніце прыроду і развіваеце гэту прыроду", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тэму прыродаахоўнай дзейнасці.

"Вядома, мы надаём вялікае значэнне гэтым пытанням. У Парыжы заключылі адпаведнае міжнароднае пагадненне. Гэта вялікая перамога, у тым ліку вялікі ўклад Еўрапейскай эканамічнай камісіі, - лічыць Прэзідэнт. - Але ўсё ж такі мы, напэўна, яшчэ да канца не ўсведамляем тое, што можа адбыцца з планетай і чалавецтвам, калі па-варварску будзем ставіцца да гэтых пытанняў, калі мы не будзем сістэмна падыходзіць да вырашэння многіх праблем, у тым ліку па гэтых напрамках, па якіх працуе ЕЭК. Таму наперадзе ў нас вельмі вялікі шлях, які мы павінны прайсці".

Прэзідэнт Беларусі заявіў, што неабходна забяспечыць бяспеку пражывання насельніцтва на нашай планеце. "Гэта датычыцца жыцця чалавека, які залежыць ад эканомікі, і таго, чым дыхае, што яго акружае, - гэта прырода. Для мяне асабіста гэта абсалютны прыярытэт", - падкрэсліў ён.

Беларусь гатова падзяліцца сваім вопытам прыродаахоўнай дзейнасці, у тым ліку ў час намечанай на 2017 год у Мінску канферэнцыі краін - удзельніц Канвенцыі ЕЭК ААН аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пытанні прыродаахоўнай дзейнасці вельмі важныя для ўсіх краін.

"Таму тымі даследаваннямі, навацыямі, якія вы праводзіце, вы ўзбагачаеце планету", - перакананы кіраўнік дзяржавы.
_______________________________________________

ЕЭК ААН - адна з пяці рэгіянальных эканамічных камісій ААН. Створана ў сакавіку 1947 года, штаб-кватэра размешчана ў Жэневе (Швейцарыя). У склад ЕЭК уваходзяць 56 дзяржаў, уключаючы краіны Еўропы, ЗША, Канаду, Ізраіль і ўсе постсавецкія дзяржавы. Беларусь з`яўляецца паўнапраўным членам ЕЭК ААН з моманту яе стварэння. Узаемадзеянне з камісіяй курыруе Міністэрства эканомікі. Прыярытэты супрацоўніцтва з ЕЭК ААН - спрашчэнне гандлю, транспарт, энергетыка, інавацыі, экалогія.

27 кастрычніка 2016, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/199/37426
Текущая дата: 30.11.2024