Белорусский портал в Казахстане

Нацбанку Беларусі ўдалося ў верасні нарасціць ЗВР на 43,1 млн долараў — да 4 млрд 755 млн долараў



Аб гэтым паведамляе Нацыянальны банк.

Паводле вынікаў верасня 2016 года золатавалютныя рэзервы Рэспублікі Беларусь у вызначэнні стандарту МВФ павялічыліся на 43,1 млн долараў і, згодна з папярэднімі звесткамі, на 1 кастрычніка склалі 4 млрд 755 млн долараў ЗША ў эквіваленце.

"Падтрыманню золатавалютных рэзерваў спрыялі паступленне сродкаў ад продажу Міністэрствам фінансаў і Нацыянальным банкам аблігацый, намінаваных у замежнай валюце, купля Нацбанкам замежнай валюты на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы, а таксама паступленні ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты", — гаворыцца ў паведамленні.

Адмоўны ўплыў на аб`ём золатавалютных рэзерваў у асноўным зрабіла пагашэнне Нацбанкам і ўрадам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце ў поўным аб`ёме.

Як паведаміў 3 кастрычніка ў парламенце міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі, да канца года стаіць задача павялічыць золатавалютныя рэзервы на 200 млн долараў. "У 2017 годзе пастаўлена мэта дасягнуць 5,4 млрд долараў ЗВР. І гэта пры тым, што трэба будзе выплаціць або рэфінансаваць 3,4 млрд долараў знешніх абавязацельстваў урада. Вельмі складаная задача, але яна вырашае прынцыповае пытанне — радыкальнага зніжэння інфляцыйна-дэвальвацыйных рызыкаў і адкрывае дарогу зніжэнню працэнтных ставак у эканоміцы", — сказаў міністр.

Нагадаем, рост ЗВР з`яўляецца адным з абавязацельстваў Беларусі па заключанай у сакавіку гэтага года крэдытнай праграме з Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця. Згодна з праграмай да 1 верасня 2016 года рэзервы Беларусі ў міжнародным вызначэнні павінны складаць не менш як 4,3 млрд долараў, да 1 студзеня 2017 года — не менш як 4,9 млрд долараў, а да 1 студзені 2018 года — не менш як 5,4 млрд долараў.

Аляксей Арэшка, Мінск
БелаПАН, 7 кастрычніка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/201/37171
Текущая дата: 30.11.2024