Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі зніжаная норма абавязковага продажу валютнай выручкі



1 верасня памер абавязковага продажу замежнай валюты для беларускіх прадпрыемстваў-экспарцёраў зніжаны з 30 да 20% ад сумы выручкі ў замежнай валюце.

Такое рашэнне было прынятае Нацыянальным банкам 1 жніўня "у межах правядзення мерапрыемстваў па паэтапнай лібералізацыі валютных адносін". "Гэтая мера дасць магчымасць актывізаваць інвестыцыйную і дзелавую актыўнасць суб`ектаў гаспадарання Рэспублікі Беларусь, стане дадатковым крокам у напрамку гарманізацыі валютнага заканадаўства ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза і будзе спрыяць стварэнню роўных умоў для эканамічных суб`ектаў дзяржаў ЕАЭС па развіцці іх экспартнага патэнцыялу", — адзначалася ў паведамленні прэс-служба Нацбанка.

Да гэтага часу 30% атрыманай валютнай выручкі экспарцёры павінны былі абменьваць на рублі. Такая сістэма з`яўляецца своеасаблівым страховачным механізмам, які дазваляе дзяржаве забяспечыць стабільную прапанову замежнай валюты на ўнутраным рынку, адзначаюць аналітыкі.

У канцы 2014 — пачатку 2015 гадоў Беларусь перажывала чарговы валютны крызіс, і нарматыў абавязковага продажу валюты быў павялічаны з 30 да 50%. Па меры таго як сітуацыя стабілізавалася, ён вярнуўся на ранейшы 30-працэнтны ўзровень.

Стратэгія развіцця фінансавага рынку да 2020 года, якую рыхтуе Нацбанк, прадугледжвае адмену абавязковага продажу валютнай выручкі.

Як лічаць аналітыкі, беларускія ўлады прынялі рашэнне аб зніжэнні нарматыву абавязковага продажу замежнай валюты ў сувязі з аслабленнем дэвальвацыйных чаканняў. Сітуацыя на валютным рынку Беларусі апошнія месяцы стабілізавалася. Прыняццю рашэння аб зніжэнні нарматыву абавязковага продажу замежнай валюты, на думку аналітыкаў, спрыяў таксама той факт, што на валютным рынку Беларусі назіраецца чыстая прапанова замежнай валюты. Так, шмат у чым у першай палове года стабільнасць курсу беларускага рубля ўдалося забяспечыць дзякуючы таму, што насельніцтва прадало валюты амаль на 900 млн долараў больш, чым купіла.

Разам з тым, паводле звестак Нацбанка, у цэлым у першым паўгоддзі валютная выручка Беларусі скарацілася амаль на 3 млрд долараў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

У грашовым выражэнні валютныя паступленні склалі 13,7 млрд долараў і знізіліся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 18%, або на 2,96 млрд долараў.

Скарачэнне валютных паступленняў Беларусі сёлета звязанае шмат у чым з памяншэннем экспартнай выручкі краіны. Паступленні ад экспарту тавараў і паслуг у студзені—чэрвені 2016 года склалі 13,4 млрд долараў і знізіліся на 2,9 млрд у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 1 верасня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/205/36772
Текущая дата: 30.11.2024